Па выніках уступнай кампаніі 2020 года 2298 чалавек сталі студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. 1088 чалавек сталі студэнтамі-першакурснікамі, якія будуць вучыцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, 1210 чалавек – на платнай аснове.
– З гэтых студэнтаў дзевяць чалавек залічаны зверху лічбаў прыёма па хадайніцтве спартыўнай федэраціі, – паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Карлюкова. – Усяго за час прыёмнай кампаніі у прыёмную камісію нашага ўніверсітэта было пададзена 3560 заяў на атрыманне вышэйшай адукацыі. Сярэдні конкурс склаў 2,07 чалавекі на месца. Найбольшыя конкурсы склаліся па спецыяльнасцях дзённай бюджэтнай формы “Дызайн (касцюма і тканін)”, “Дызайн (графічны)”, “Дызайн (віртуальнага асяроддзя)”, “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый”, “Міжнароднае права”, “Правазнаўства”, “Эканамічнае права”, “Турызм і гасціннасць” і “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка”.
493 абітурыенты мелі агульны сумарны бал па трох сертыфікатах цэнтралізаванага тэсціравання і сярэднім бале дакумента аб адукацыі звыш 300. А самая высокая сума балаў – 391 – была у Рэнаты Новік, якая стала студэнткай філалагічнага факультэта спецыяльнасці “Рамана-германская філалогія (англійская)”. На спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” факультэта матэматыкі і інфарматыкі з 378 баламі паступіў Максім Назараў, які меў два 100-бальных сертыфікаты па матэматыцы і фізіцы.
На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі студэнтамі сталі 55 чалавек. Без уступных выпрабаванняў на бюджэтную форму навучання былі залічаны 72 абітурыенты, 6 з іх з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 5 маюць высокія спартыўныя і творчыя дасягненні, 38 – дыпломы з адзнакай і залатыя ці сярэбраныя медалі. Яны паступалі на педагагічныя або запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. 20 абітурыентаў скончылі профільныя класы педагагічнай накіраванасці і паступалі на педагагічныя спецыяльнасці па сумоўі.
Высокі конкурс сярод спецыяльнасцей завочнай бюджэтнай формы навучання ў скарочаны тэрмін сфармаваўся на спецыяльнасцях “Дашкольная адукацыя”, “Транспартная лагістыка (аўтамабільны транспарт)” і “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка”.
У гэтым годзе адбыўся набор на новыя спецыяльнасці “Штучны інтэлект”, “Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы”, “Дызайн (віртуальнага асяроддзя)” і “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (трэнерская праца з указаннем віду спорту)”.
У дыстанцыйнай форме будуць атрымліваць адукацыю па спецыяльнасцях “Транспартная лагістыка (аўтамабільны транспарт)” на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання, “Турызм і гасціннасць” на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму, “Дашкольная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя” на педагагічным факультэце. Як паведамілі ва ўніверсітэце, навучальны працэс будзе рэалізаваны з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і электронных адукацыйных сэрвісаў універсітэта. Асабістая прысутнасць студэнта неабходна будзе толькі для здачы залікаў і экзаменаў.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ
Фота прадастаўлена ГрДУ імя Янкі Купалы