Цікавае і карыснае лета

- 22:45МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

 

Кожнае лета ў нашай установе функцыянуе профільны палатачны лагер з кругласутачным знаходжаннем навучэнцаў. Сёлета было арганізавана дзве змены працягласцю па дзевяць дзён, за якія ў летніку паўнавартасна аздаравіліся 55 хлопчыкаў і дзяўчынак.

За час адпачынку выхаванцы навучыліся ставіць палатку, разводзіць вогнішча, арыентавацца на мясцовасці з дапамогай карты і компаса, асвоілі навыкі жумарынга, згуртавана працавалі ў камандзе, вучыліся аказваць першую дапамогу. Штодня для дзяцей былі арганізаваны веласіпедныя і пешыя паходы, у працэсе якіх яны набывалі і адточвалі турыстычныя навыкі, выхоўвалі ў сабе патрыятызм і грамадзянскасць.

У мэтах навучання бяспечнай жыццядзейнасці былі праведзены міжведамасныя мерапрыемствы з РАНС, ДАІ і ІСН. Супрацоўнікі РАНС распавялі дзецям пра магчымую небяспеку падчас летніх канікул, нагадалі правілы паводзін у лесе, алгарытм дзеянняў у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, далі магчымасць прымерыць пажарную форму і патушыць уяўны пажар. Дзецям таксама нагадалі пра мабільны дадатак “МНС Беларусі: Дапамога побач”. Напрыканцы мерапрыемства ратавальнікі ўручылі рабятам “Бяспечную пасылку”, у якой знаходзілася карысная і маляўнічая наглядная прадукцыя па навучанні правілам бяспекі.

Займальнае мерапрыемства, якое дало магчымасць у гульнявой і практычнай форме данесці да дзяцей важнасць выканання правілаў дарожнага руху, правялі ў нашым лагеры прадстаўнікі раённай ДАІ. Дзеці былі падзеленыя на тры каманды: чырвоныя, жоўтыя і зялёныя. Кожная з каманд па чарзе праходзіла квест-гульню з трох этапаў. Першы – вяровачная паласа перашкод, другі – вывучэнне жэстаў рэгуліроўшчыка, заключны – фігурнае кіраванне веласіпедам і праходжанне веладыстанцыі з перашкодамі. Пакуль рабяты праходзілі заданні, для іх былі прыгатаваныя смачныя бутэрброды ў выглядзе святлафораў і салодкія падарункі.

ІСН правяла з дзецьмі гульню на веданне заканадаўства, якое рэгламентуе правы і адказнасць непаўналетніх за свае ўчынкі. Пасля заканчэння тэарэтычнага блока, спецыялісты ДАІ падзякавалі кожнаму дзіцяці за актыўны ўдзел і ўручылі імянныя дзіцячыя велапасведчанні і святлоадбівальныя элементы.

Заключнай часткай мерапрыемства стаў велапрабег працягласцю амаль 15 км. У суправаджэнні супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі веласіпедысты рухаліся да скульптурнай кампазіцыі “Спяваючыя” ў вёсцы Прудок, каб ушанаваць памяць усіх расстраляных падчас Вялікай Айчыннай вайны вязняў Крычаўскага лагера смерці.

У рамках лагера праводзілася мэтанакіраваная прыродаахоўная работа. Асаблівую ўвагу выхавальнікі надавалі таксама розным відам турыстычнай дзейнасці навучэнцаў. У праграму былі ўключаныя і розныя мерапрыемствы ў рамках Года малой радзімы, рэспубліканскай акцыі “Вялікай Перамозе – 75!”.

Закрывалі кожную змену летніка пасвячэнне ў турысты, дыскатэка і кінатэатр пад адкрытым небам, і, вядома, вызначэнне пераможцаў усіх гульнявых праграм, якія атрымалі заслужаныя дыпломы.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА,
метадыст Крычаўскага цэнтра турызма,
краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий