- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Адпачывалі і плённа працавалі

 

“Праца ўпрыгожвае чалавека”, – так кажа народная мудрасць. Аднак яна не толькі ўпрыгожвае, але і дае нам матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці, якімі мы карыстаемся штодзённа. Таму з самага маленства мы прывучаем сваіх дзетак да працы: спачатку вучым іх элементарным навыкам самаабслугоўвання, а потым далучаем іх і да бытавой працы.

Праз працу мы развіваем у дзяцей фізічныя якасці, разумовыя здольнасці, творчае мысленне, павышаем іх самаацэнку, выхоўваем павагу да вынікаў сваёй працы і іншых. Зародкі працоўнага выхавання пачынаюцца ў сям’і, а развівацца і ўдасканальвацца гэты працэс будзе на працягу ўсяго жыцця чалавека. Школе ж адведзена адна з вядучых роляў у працоўным выхаванні падрастаючага пакалення.

Зместавая аснова працоўнага выхавання ў школе прадугледжвае два віды працы: вучэбная і грамадска-карысная, якая арганізуецца ў інтарэсах кожнага вучня і ўсяго школьнага калектыву. Вучэбная праца назіраецца на працягу ўсяго адукацыйнага працэсу, а грамадска-карысную працу мы можам убачыць падчас правядзення самога ўрока грамадска-карыснай працы, урока працоўнага навучання, пры доглядзе за школьнымі насаджэннямі, працы па самаабслугоўванню. Аднак школа праводзіць работу ў напрамку працоўнага выхавання не толькі на працягу навучальнага года, а і ў канікулярны час. Яркім прыкладам такой работы ў летні перыяд з’яўляецца функцыянаванне лагераў працы і адпачынку, працоўных і будаўнічых атрадаў.

У летні перыяд на базе нашай установы адукацыі дзейнічаў лагер працы і адпачынку “Пчолка”. Дзякуючы падтрымцы з боку ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, вучням старшых класаў была прадстаўлена магчымасць не толькі адпачыць, але і папрацаваць, убачыць вынік сваёй працы і атрымаць свой першы заробак.

Працавалі вучні на відавой праполцы зерневых культур і праполцы цыбулі. Пасля працы дзеці адпачывалі ў школе, удзельнічалі ў спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах. І вучні, і кіраўніцтва гаспадаркі засталіся задаволены вынікамі такой дзейнасці.

Аналізуючы працоўны перыяд вучняў, узгадваю працоўны дзень, калі адной з груп дастаўся вельмі зарослы ўчастак цыбулі, і рабяты (не толькі з нашай школы) без чыёй-небудзь просьбы ці загаду пакінулі свае ўчасткі і прыйшлі на дапамогу. Гэта мяне вельмі кранула, і я пра сябе ў чарговы раз адзначыла, што дарэмна ганьбяць сучасную моладзь, з іх вырастуць дастойныя і сумленныя людзі.

Мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву ААТ “Рассвет імя К.П. Арлоўскага” за сумесную работу па працоўным выхаванні, за магчымасць для нашых вучняў адчуць сябе дарослымі, прынесці карысць уласнай працай, убачыць яе вынікі, атрымаць свае першыя грошы. Падчас гэтай сумеснай работы, як настаўнік, я адзначыла для сябе, што галоўнае назначэнне такога віду дзейнасці – выхаванне сапраўднага чалавека.

Людміла ХУРСАН,
выхавальнік лагера працы і адпачынку “Пчолка”
сярэдняй школы № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага

 

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ