Ад лета дзеці чакаюць чагосьці незвычайнага і новага, незабыўнага. А таму мы, настаўнікі, імкнёмся падтрымаць іх цікавасць і напоўніць вольны час рознымі відамі дзейнасці. Кожны год я з вучнямі Азёркаўскай сярэдняй школы адпраўляюся ў паход.
Гэты год не стаў выключэннем. Усе дзеці ў адзін голас сказалі “ідзём”, калі быў прапанаваны паход. У мінулым годзе група навучэнцаў разам з педагогам зрабіла круіз на веласіпедах па дарогах нашай роднай Бацькаўшчыны. Цяпер прынялі рашэнне здзейсніць пешы паход, вывучаючы родны край.
Да паходу аднесліся з усёй сур’ёзнасцю: правялі заняткі па правілах бяспечных паводзін, адпрацавалі тэхніку руху ў калоне па дарозе, абмеркавалі правілы дарожнага руху, затым склалі маршрут.
І вось раніцай адправіліся ў дарогу. Свой маршрут пачалі з аграгарадка Вялікія Азёркі. Нягледзячы на тое, што рукзакі былі цяжкія, шлях няблізкі, паспявалі любавацца маляўнічымі краявідамі і прыгажосцю родных мясцін. Панавалі ўзнёслы настрой і агульны ўздым ад чагосьці нязведанага, новага, натхненне ад доўгачаканых прыгод. Так, нам патрэбна было прайсці 16 кіламетраў па дарозе, вывучаючы геаграфію і гісторыю населеных пунктаў, ландшафты роднай мясцовасці, лясныя масівы і, канечне, помнікі, якія сустрэнуцца на нашым шляху.
На стыку Мастоўскага і Дзятлаўскага раёнаў наведалі помнік загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам, астанкі якіх былі знойдзены пошукавым атрадам у 2004 годзе. На месцы раскопак і быў пастаўлены помнік. Другі прыпынак – брацкая магіла жыхароў вёскі Вялікая Воля, забітых нямецка-фашысцкімі карнікамі.
Удзельнікі паходу істотна прытаміліся, а таму добрая турыстычная стаянка, з вогнішчам і сталом, паблізу вёскі Малая Воля на беразе ракі Шчара стала для нас у самы час. Расставілі палаткі – і хутчэй купацца. Якая гэта асалода – пасля гарачыні апынуцца ў прахладнай вадзе! Усю стому як рукою зняло. А затым самы смачны, з пахам дыму, турыстычны абед, даверлівая і спакойная размова ля вогнішча.
Усе цяжкасці шляху мы пераадолелі. Час праляцеў хутка, і на другі дзень адправіліся дадому. Паход завяршыўся, а ў памяці засталіся нашы прыгоды, успаміны і ўсмешкі на тварах.
Менавіта такія паходы дазваляюць стаць бліжэй адно да аднаго, аб’ядноўваюць агульнаю мэтаю, робяць нас вынослівымі і дысцыплінаванымі, развіваюць пазнавальную актыўнасць, заклікаюць вывучаць родны край, які ўвесь час прыпадносіць нешта новае і незабыўнае.
Таццяна ШЭЛЯСТОВІЧ,
настаўнік Азёркаўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна