Задача – выхаваць актыўную асобу

- 12:11ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

 

2018–2020 гады ў Рэспубліцы Беларусь праходзяць пад назвай Года малой радзімы. Для дзяцей дашкольнага ўзросту радзіма пачынаецца з самага блізкага – роднага дома, сямʼі, сямейных традыцый, сяброў, сваякоў. Паступова гэта паняцце пашыраецца, роднымі становяцца вуліца, горад, край, краіна.

У нашай установе была распрацавана праграма, пабудаваная на гістарычным, прыродазнаўчым, эканамічным, мастацтвазнаўчым кірунках работы.

У працэсе спецыяльна арганізаванай дзейнасці выхаванцаў знаёмяць з мінулым Гродзеншчыны, памятнымі месцамі, звязанымі з гістарычнымі падзеямі, далучаюць да культурнай спадчыны горада, дапамагаюць убачыць і ацаніць прыгажосць прыроды, сфарміраваць навыкі экалагічнай культуры. Дзеці атрымліваюць ўяўленні пра насельніцтва горада, працу дарослых і ўклад кожнага гараджаніна ў развіццё і росквіт роднага краю.

Стала традыцыяй у нашай установе праводзіць заняткі сумесна з Гродзенскім дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі. Такія заняткі дапамагаюць дашкольнікам усвядоміць разнастайныя сувязі, якія існуюць паміж намі і нашымі продкамі, выхаваць маральныя і эстэтычныя пачуцці.

Працэс пазнання адбываецца толькі тады, калі дзіця непасрэдна бачыць, чуе, адчувае навакольны свет. Гэта стварае ў яго больш яркія, эмацыйна насычаныя, запамінальныя вобразы. Таму, на наш погляд, адным з самых эфектыўных спосабаў азнаямлення дзяцей з родным горадам становяцца экскурсіі, мэтавыя прагулкі і паходы. Яны дазваляюць у натуральных абставінах пазнаёміць дзяцей з абʼектамі і зʼявамі прыроды, паказаць іх узаемасувязь. Заняткі-экскурсіі ў краму, школу, бібліятэку, на стадыён і іншыя сацыяльна значныя абʼекты дапамагаюць дзецям пазнаёміцца з прызначэннем розных устаноў мікрараёна, фарміруюць у дашкольнікаў уяўленнiпра разнастайныя патрэбы людзей. Паступова ад прагулкі да прагулкі, ад экскурсіі да экскурсіі ў нашых выхаванцаў складаецца выдатны вобраз роднага краю, сваёй малой радзімы.

 

Фарміраванне ў дзяцей любові да роднага краю немагчыма без далучэння іх да культурных традыцый і падзей сацыяльнага жыцця. Штогод у нашым дзіцячым садку праходзяць фальклорныя святы “Каляды”, “Гуканне вясны”,“Купалле”, падчас якіх дашкольнікі знаёмяцца з культурай і традыцыямі свайго народа. Нашы выхаванцы адзначаюць дні горада, удзельнічаюць у розных гарадскіх мерапрыемствах, што дазваляе ім акунуцца ў атмасферу агульнай радасці і весялосці, стварае ўмовы для актыўнага далучэння да сацыяльнай рэчаіснасці, фарміравання асабістага стаўлення да фактаў, падзей і зʼяў жыцця горада. Чарговую гадавіну з дня нараджэння Гродна мы адзначылі самакатапрабегам “Мы за здаровы горад!”. Выхаванцы нашай установы разам з клоунам Ірыскай на самакатах адправіліся па мікрараёне, заклікаючы яго жыхароў весці актыўны лад жыцця, таму што здаровыя жыхары – лепшы падарунак гораду да дня яго нараджэння.

Планамерная сістэматычная работа па краязнаўстве, выкарыстанне разнастайных форм і метадаў работы з выхаванцамі спрыяе пашырэнню іх кругагляду, дабратворна ўплывае на выхаванне патрыятычных і грамадзянскіх пачуццяў, фарміруе вобраз малой радзімы, дае магчымасць дзецям адчуць іх дачыненне да гісторыі і сучаснага жыцця горада, вырасціць кожнае дзіця як актыўную асобу, якая мае сваю пазіцыю, свой пункт гледжання.

Аксана ШАЎЧЭНКА,
намеснiк загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 28 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий