Тыдзень спорту і здароўя ў Пархімаўскай школе

- 12:33ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Для навучэнцаў Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы Бераставіцкага раёназаняткі фізічнай культурай–важная і любімая частка вучэбнага дня. А тыдзень спорту з цікавымі эстафетамі і гульнямі становіцца сапраўдным святам.

Падрыхтоўка да штогадовага тыдня спорту і здароўя пачынаецца загадзя. Мерапрыемствы плануюцца сумесна з вучнёўскім актывам. Рабяты ўносяць свае пажаданні па падборы відаў спорту, прапануюць цікавыя конкурсы і эстафеты. Таксама школьнікі дапамагаюць у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў: рыхтуюць інвентар, падбіраюць сцэнарыі ўрачыстага адкрыцця і закрыцця, ажыццяўляюць судзейства. Такі падыход дапамагае ўцягнуць у мерапрыемствы больш навучэнцаў, дае магчымасць кожнаму знайсці сабе прывабны занятак, у тым ліку навучэнцам, якія па стане здароўя не могуць займацца ў асноўнай групе па фізкультуры.

Урачыстае адкрыццё тыдня спорту і здароўя суправаджаецца гучаннем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь і ўзняццем Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.Мерапрыемствы тыдня накіраваныя на далучэнне навучэнцаў да актыўных заняткаў фізічнай культурай і спортам, фарміраванне ў дзяцей звычкі клапаціцца пра сваё здароўе, імкнення быць здаровым.

Пачаўся тыдзень са спартыўнага свята “Залатая скакалка”. Падчас вясёлых конкурсаў галоўным інвентаром была скакалка. Напрыклад, былі конкурсы на максімальную сумарную колькасць скачкоў ад каманд, на скачкі з падвойным кручэннем скакалкі, скачкі ў парах, эстафета “Бег праз скакалку”. Дзецям падабаюцца скачкі праз доўгую скакалку, калі двое круцяць, а восемскачуць.

Асобныя дні былі прысвечаныя спаборніцтвам па настольным тэнісе (“Уімблдонскі турнір”) іміні-футболе (“FIFA World Cup”), бо вялікай колькасці навучэнцаў падабаецца займацца гэтымі відамі спорту.Навучэнцы пачатковых класаў вельмі любяць эстафеты з разнастайнымі конкурсамі. З улікам іх пераваг праведзена эстафета “Мы разам пераможам!”. Яна ўключала скачкі з мячом, конкурсы з абручамі, гульню на спрыт “Хутка пакладзі”, конкурсы “Не страць”, “Перайдзі балота”.Праграма суботняга спартыўнага свята “Алімпійская надзея Беларусі”змяшчала розныя віды бегу.На працягу тыдня актывам БРПА і БРСМ праводзілася акцыя “Запішы дзіця ў спартыўную школу”.

З нецярпеннем навучэнцы чакалі ўзнагароджання граматамі за свае спартыўныя перамогі на ўрачыстым закрыцці тыдня. Але школьнае спартыўнае жыццё на гэтым не заканчваецца. Дні здароўя і заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах спартыўнага профілю чакаюць сваіх аматараў.

Віталій ХІЛЮТА,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий