У рамках агульнанацыянальнага праекта “Спартсмены Беларусі. Сіла ў адзінстве” пад эгідай Міжнароднай федэрацыі гіравых відаў спорту пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама і Шчучынскага райвыканкама адбылося раённае свята “Пасябруй са спортам!”, падчас якого прайшла сустрэча шчучынскай моладзі са знакамітымі беларускімі спартсменамі Яўгенам Назарэвічам і Аляксеем Талаем.
Паколькі праект рэалізуецца пад дэвізам “За новых чэмпіёнаў і здароўе нацыі”, то і свята пачалося з майстар-класаў шматразовага чэмпіёна Беларусі, Еўропы і свету па гіравым спорце, шасціразовага рэкардсмена “Сусветных рэкордаў Гінэса” Яўгена Назарэвіча. Ураджэнец Шчучына, былы вучань сярэдняй школы № 2, выпускнік Шчучынскага сельскагаспадарчага ліцэя карыстаецца вялікай павагай сярод землякоў. Асабліва ўзрос рэйтынг Назарэвіча сярод моладзі і навучэнцаў пасля нядаўняй выставы ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі, прысвечанай яго спартыўнай кар’еры. Таму шматлікія вучні гарадскіх школ, гімназіі, навучэнцы ліцэя з задавальненнем і выразнай цікавасцю знаёміліся з асновамі гіравога спорту, назіралі выкананне базавых практыкаванняў і паўтаралі іх, дзівячыся моцы і трываласці сусветнай спартыўнай зоркі.
Вельмі яркія ўражанні атрымалі ўдзельнікі свята ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі, дзе адбылася сустрэча з Аляксеем Талаем, шматразовым рэкардсменам Еўропы і свету, членам нацыянальнай паралімпійскай зборнай па плаванні, матывацыйным спікерам. Пра гэтага незвычайнага спартсмена аматары спорту чулі раней, але першая сустрэча з чалавекам, які перамог боль і бездапаможнасць, цвёрда абверг шматлікія негатыўныя прагнозы пасля страты рук і ног, кранула падлеткаў да глыбіні душы. Зорнаму паслу і факеланосцу II Еўрапейскіх гульняў 2019 года, здаецца, удалося пераканаць хлапчукоў і дзяўчынак, што чалавеку падуладна ўсё ў яго жыцці:
– Самае галоўнае, памятайце: вы ёсць самі ў сябе. Сіла чалавека – у яго ўнутраным стрыжні. Мне хацелася даказаць, што я моцны, што не зламаўся, што магу дасягнуць сапраўдных вышынь. І я стаў такім, які я ёсць, каб мной ганарыліся мае бацькі, сябры, мая краіна.
Яркае выступленне Аляксея не раз перарывался апладысментамі. Вядома ж, у хлапчукоў з’явіліся розныя пытанні, адказы на якія былі шчырымі, канкрэтнымі, пераканаўчымі. Вельмі ўзрушыла ўдзельнікаў сустрэчы і тое, што Талай не толькі выдатны спартсмен, шчаслівы бацька, паспяховы бізнесмен, але яшчэ і заснавальнік дабрачыннага фонду, актыўна дапамагае іншым.
– Вашы словы, гісторыя, вашы матывацыя і мужнасць будуць дапамагаць мне ў штодзённым пераадоленні цяжкасцей на шляху да наступных дасягненняў, – прачула падзякаваў тытулаванага спікера ўдзельнік клуба спартыўных адзінаборстваў палаца Ілля Сырыцкі, які паспеў ужо стаць чэмпіёнам свету і Еўропы па таэквандо.
Словы захаплення, падзякі за паток дабрыні і святла гучалі з вуснаў многіх юнакоў. Вельмі сімвалічна гучалі і адмыслова падабраныя песні ў падарунак знакамітым гасцям: “Ода спорту” і “Уперад”, якія з уздымам і зразумелай экспрэсіяй выканалі ўдзельніцы ўзорнай студыі эстраднай песні “Апрель”. На завяршэнне сустрэчы ў адзіным парыве з глыбокай павагай да цвёрдай волі і сілы духу выдатнага чалавека ўсе прысутныя ўсталі, доўга апладзіравалі.
І з якім пад’ёмам, амаль што навыперадкі ўдзельнікі сустрэчы паспяшаліся на заключны гіравы флэшмоб на гарадскі стадыён! 80 гір, выстаўленых у форме лічбы 80 – у гонар 80-годдзя ўтварэння Шчучынскага раёна і Шчучынскага сельскагаспадарчага ліцэя – раз за разам узнімаліся, выпрабоўваючы сур’ёзнасць намераў падлеткаў здзейсніць свой першы асабісты рэкорд. Атрыманыя памятныя медалі дадалі аптымізму хлопчыкам і дзяўчынкам, падмацавалі матывацыю да фізічнага і асобаснага самаразвіцця.
Тэрэса БЯЛЯЧЫЦ,
метадыст Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі
Фота Людмілы НЕМНЫ
і ўдзельнікаў фотастудыі “Свет вакол нас”