У час восеньскіх канікул на базе Бакштаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы быў арганізаваны аздараўленчы лагер “Акварэлька”. З 31 кастрычніка па 6 лістапада школа расчыніла дзверы для 15 дзетак ад 6 да 11 гадоў і ператварылася ў маленькую краіну са сваімі клопатамі, праблемамі і радасцямі.
Праца адразу закіпела, бо права кіраваць атрадам было даверана таленавітым і адданым сваёй справе педагогам, якія ўмела вялі сваіх выхаванцаў па сцяжынках дабрыні, запальваючы ў іх трапяткіх сэрцах агеньчык дапытлівасці і веры ў сябе.
Праграма шасцідзённага знаходжання дзяцей у лагеры была насычаная рознымі мерапрыемствамі, якія спрыялі іх актыўнаму адпачынку. Свята “Акварэлькіна захапленне ў імперыі Яркіх эмоцый”, прысвечанае адкрыццю лагернай змены, прайшло ў форме гульнявой экскурсіі па станцыях, на кожнай з якіх хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі розныя заданні і атрымлівалі балы.
Цікава і займальна прайшоў дзень, калі ўсе адправіліся ў турыстычны паход ва ўрочышча Вілы, дзе хлопцыпяклі бульбуна вогнішчы, саграваліся гарачымчаем, бегалі, весяліліся.
Яркія ўражанні засталіся ў школьнікаў пасля экскурсіі па экалагічнай сцежцы, дзе дзеці не толькі пазнаёміліся з неверагоднай прыгажосцю старажытнай Налібоцкай пушчы, але і даведаліся ад экскурсавода шмат цікавага пра яе флору і фауну, назіралі ў бінокль за паводзінамі дзікіх коней.
Даволі змястоўнай была таксама экскурсія ў школьны гісторыка-краязнаўчы музей “Героі рэвалюцыі”, прымеркаваная да 7 лістапада. Загадчыца музея расказала дзецям пра героя грамадзянскай вайны Карла Пятровіча Зуніса.
Спадабаліся ўдзельнікам лагера і спартыўныя мерапрыемствы: ігра-тэрапія “Рознакаляровы свет здароўя”, маршрутная гульня на мясцовасці “Навыперадкі з ветрам”, спартыўная гульня “Мой вясёлы звонкі мячык”.
У рамках “Тыдня без небяспекі” быў арганізаваны прагляд відэаўрокаў “Азбука дарожнай бяспекі” па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Акрамя таго для выхаванцаў праводзіліся заняткі, накіраваныя на псіхалагічную падтрымку, гульні на згуртаванне і праяву яркіх індывідуальных якасцей.
Хлопчыкі і дзяўчынкі цікава і з карысцю правялі канікулы, і, несумненна, у першыя дні новай чвэрці будуць дзяліцца ўражаннямі і эмоцыямі са сваімі сябрамі.
Людміла ГАРАДОВІЧ,
дырэктар лагера “Акварэлька”
Бакштаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна