Каб наша Радзіма квітнела, трэба працаваць і дарослым, і дзецям. Для адных яна пачынаецца з роднага горада ці вёскі, для другіх – з любімай работы, для трэціх – з бацькоўскага дома з фруктовым садам, а для кагосьці – з вялікай і дружнай сям’і. А вось для многіх жыхароў вёскі Пелішча Камянецкага раёна Радзіма пачынаецца з брацкай магілы, дзе пахаваны воіны-танкісты, якія вызвалялі наш населены пункт ад фашысцкіх захопнікаў.
Пелішчанскія педагогі і вучні часта задаюць сабе пытанне: “А што карыснага мы зрабілі для сваёй Радзімы, як і чым упрыгожылі яе?” Спыталі – зрабілі. У скверы ля помніка-танка быў зладжаны чарговы суботнік, падчас якога дзеці пашырылі веды пра малую радзіму. Акцыя па добраўпарадкаванні стала прыкладам для іншых жыхароў аграгарадка.
У рамках суботніка сямікласнікі вырашылі акультурыць школьны куток з хвойнікамі. Вывучылі спецыяльную літаратуру, пашукалі ў інтэрнэце і ўзяліся за справу. Спачатку папрацавалі з ялінкамі, затым перайшлі да ядлоўцаў. Усе працавалі натхнёна, з душой.
З такіх маленькіх крокаў і пачынаецца любоў да Радзімы. Пелішчанскія школьнікі разумеюць: каб родны край квітнеў, трэба шмат працаваць і атрымліваць ад гэтага задавальненне.
Наталля ПЯТРЭНКА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Пелішчанскай сярэдняй школы
Камянецкага раёна