На працягу дзесяці год у Дабравольскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Свіслацкага раёна ажыццяўляе сваю дзейнасць валанцёрскі атрад “Шляхам дабрыні”.
Мы як валанцёры падтрымліваем цесную сувязь з адзінокімі жыхарамі аграгарадка Дабраволя, Дабравольскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, у якім сёння пражывае 27 чалавек. Нашы валанцёры даюць адчуць пастаяльцам інтэрната і адзінокім жыхарам аграгарадка, што яны не пакінутыя, не забытыя, што яны камусьці патрэбныя. Мы стараемся ўнесці свята ў іх жыццё, а таксама атрымліваем магчымасць набыць вопыт узаемаадносін з пажылымі людзьмі, усвядоміць неабходнасць аказання добраахвотніцкай дапамогі другому чалавеку, гатоўнасць ахвяраваць сваімі інтарэсамі для набыцця новых жыццёвых каштоўнасцей. Удзельнічаючы ў валанцёрскім руху, кожны з нас атрымлівае магчымасць праявіць свае інтэлектуальныя і духоўныя здольнасці.
За час дзеяння валанцёрскага атрада праведзена шмат розных мерапрыемстваў для пастаяльцаў дома-інтэрната, адзінокіх і адзінока пражываючых жыхароў аграгарадка. Гэтыя мерапрыемствы садзейнічалі больш цёплым узаемаадносінам паміж падлеткамі і пажылымі людзьмі. Многія нашы валанцёрскія акцыі і рэйды сталі традыцыйнымі: да Дня пажылых людзей – “Дабрынёю поўны свет!”, да Дня інвалідаў – “Ты на свеце не адзін”, да 23 лютага і Дня жанчын – “Прыміце нашы віншаванні”, да Вялікадня – “Велікодны пірог”, да Новага года – “У Новы год з добрым сэрцам”, да Каляд – “Калядны сюрпрыз”.
Восенню і вясной мы аказваем дапамогу работнікам дома-інтэрната ў навядзенні парадку на тэрыторыі вакол установы. Таксама валанцёрамі і цімураўцамі наладжана шэфства над пахаваннямі былых жыхароў дома-інтэрната на могілках у аграгарадку Дабраволя.
Мы прымаем актыўны ўдзел у конкурсах валанцёрскіх праектаў, якія праводзяцца ў нашай краіне. У 2014 годзе сталі пераможцамі абласнога конкурса “Валанцёр. Добрае сэрца”. Актыўна ўдзельнічаліў рэалізацыі абласнога праекта “Крок насустрач”, мэтай якога было рашэнне сацыяльных праблем і сацыяльнай падтрымкі адзінокіх людзей, пераадоленне сацыяльнай ізаляцыі і выхаванне цярпімасці да пажылых людзей.
Наш валанцёрскі атрад цесна супрацоўнічае з раённай арганізацыяй Беларускага Грамадства Чырвонага Крыжа. Маладзёжны міні-праект “Абагрэй сваім цяплом” стаў адным з пераможцаў абласнога конкурса міні-праектаў гуманітарнага кірунку, праведзенага Гродненскім БГЧК, што дало магчымасць аказаць гуманітарную дапамогу жыхарам Дабравольскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў на суму 2000 рублёў.
На працягу дзесяці гадоў намі рэалізаваны сацыяльныя праекты “З дабрынёю поруч”, “Раскрый далонь і падары цеплыню”, “Дзевяць крокаў дабрыні” і іншыя.
Удзел у рабоце валанцёрскага атрада “Шляхам дабрыні” дазваляе нам стаць грамадска актыўнымі, засвоіць лідарскія ўменні і якасці, удзельнічаць у канкрэтных сацыяльна-значных справах і праектах, атрымаць вопыт рэалізацыі ідэй. У кожнага з нас ёсць магчымасць і далей заставацца добраахвотнікам і перадаць набыты вопыт пачынаючым валанцёрам. Мы вучымся прыносіць карысць не толькі асобным людзям, але і грамадству. І гэта пачуццё патрэбнасці стымулюе нас як валанцёраў да далейшай працы.
Калі мы наведваем сталых людзей, нам вельмі прыемна бачыць усмешкі на іх тварах. Гэта азначае, што і для іх, і для нас дзень праходзіць з карысцю. Шчырая размова, усмешка, цёплы погляд… Гэта і ёсць асноўныя складальнікі цудоўнага настрою, які наш валанцёрскі атрад дорыць людзям. У нашых сілах падбадзёрыць, падтрымаць, сказаць ласкавае слова.
Трэба адзначыць, што наша дзейнасць не абмяжоўваецца аказаннем дапамогі адзінокім пажылым людзям. Сумесна з удзельнікамі цімураўскага атрада “Добрае сэрца” і членамі аб’яднання па інтарэсах “Творым дабро” мы займаемся выпускам плакатаў, улётак і буклетаў з мэтай агітацыі і прапаганды здаровага ладу жыцця. Надрукаваную прадукцыю распаўсюджваем сярод мясцовых жыхароў, для таго каб нагадаць, што жыццё – гэта самая вялікая каштоўнасць і шкодным звычкам у гэтым жыцці не месца. Таксама мы заклапочаны паляпшэннем знешняга выгляду нашага аграгарадка Дабраволя: збіраем смецце на вуліцах, а таксама ўздоўж ракі Нараў.
Нам дзесяць год! Гэта наш першы юбілей. Здавалася б, не так шмат, але столькі пройдзена намі за гэты час. Мне сапраўды пашчасціла стаць кіраўніком валанцёрскага атрада “Шляхам дабрыні”. Вялікі дзякуй усім маім вучням і калегам, якія не адмаўляюць нам ў дапамозе.
Наперадзе яшчэ многа добрых спраў. Мы і далей будзем упэўнена крочыць шляхам дабрыні да людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе і чакаюць нас.
Ю.М.ЕРМАЛОВІЧ,
кіраўнік валанцёрскага атрада “Шляхам дабрыні”
Дабравольскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна