Ужо некалькі гадоў запар навучэнцы сярэдняй школы № 7 Смаргоні пад кіраўніцтвам Людмілы Захарэвіч наведваюць дзіцячы сацыяльны прытулак Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і дзяцей Смаргонскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Сёлета школьнікі, нягледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю, вырашылі прадоўжыць традыцыю, крышачку змяніўшы фармат і арганізаваўшы для сваіх падапечных цудоўнае свята пад адкрытым небам. Хлапчукі і дзяўчаты спелі ўсім знаёмыя песні, а потым пад снегападам выканалі вальс. Так ужо здарылася, што ў гэты дзень пайшоў снег. Але гэта ніяк не сапсавала настрой, а, наадварот, зрабіла свята нейкім чароўным.
Зразумела, традыцыя заключаецца не толькі ў канцэртнай праграме. У яе аснове – дабрачынная акцыя. Да акцыі далучыліся настаўнікі, дзеці і бацькі ўсіх без выключэння класаў смаргонскай школы № 7. Былі сабраны кнігі, настольныя гульні, адзенне, канцылярскія тавары, прысмакі, якія перадалі выхаванцам прытулку і дзецям ЦКРНіР.
Каб тварыць добрыя справы, зусім не трэба быць чараўніком. Вялікі дзякуй педагогам, вучням і бацькам за іх карысную справу і падтрымку.
Алена ДЗЕНЮШ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці –
загадчык дзіцячым сацыяльным прытулкам
Смаргонскага СПЦ