Слова продкаў нашых і нашчадкаў

- 11:20ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У Шчорсаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна пад назвай “Слова продкаў нашых і нашчадкаў” прайшоў тыдзень роднай мовы і літаратуры.

Усе мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках тыдня, выхоўвалі моўнае чуццё і ўвагу да беларускага слова, развівалі творчыя ўяўленні і здольнасці школьнікаў, прывівалі любоў да роднай мовы, каб зберагчы і ўзбагаціць духоўны скарб народа.

Першы дзень тыднёвага святаў школе пачаўся з песень на беларускай мове, якія гучалі на працягу ўсяго дня на кожным перапынку. У гэты ж дзень вучні 8–9 класаў сталі ўдзельнікамі літаратурнай гульні “Хто хоча стаць выдатнікам”. Дзеці з задавальненнем адказвалі на пытанні, выконвалі займальныя, развіваючыя заданні па мове і літаратуры. Пераможцамі гульні сталі васьмікласнікі.

Крыжаванкі-запытанкі, крыжаванкі-загаданкі, крыжаванкі-тлумачанкі і іншыя заданні займальнага конкурсу “Чытай, гуляй, вучыся” выклікалі інтарэс і задавальненне ў вучняў 5–7 класаў.

Запамінальна прайшлі заняткі юных лінгвістаў “Слоўнікі – сябры і дарадцы”, гульня-віктарына “Зліваюцца гукі ў словы”.

Не пакінулі мы па-за ўвагай і юбілей нашага славутага пісьменніка і паэта Уладзіміра Караткевіча. З нагоды 90-годдзя з дня яго нараджэння адбылася літаратурная гасцёўня “Быў. Ёсць. Буду”. З дапамогай аднайменнага кінафільма рэжысёра Ю.Цвяткова, яшчэ і яшчэ раз перачытваючы ўрыўкі з твораў Уладзіміра Сямёнавіча, нашы старшакласнікі нібы пабывалі ў гасцях у таго, хто будзіў думку народа, хто сваёй сумленнасцю стаў прыкладам для творцаў. Знаёмства вучняў з творчасцю У.Караткевіча абуджала ў іх любоў да роднага слова і Бацькаўшчыны.

У тыдзень роднай мовы і літаратуры ўрокі былі не зусім звычайныя. Напрыклад, у форме даволі займальнай конкурснай праграмы прайшоў урок беларускай літаратуры ў 5-м класе па тэме “Прыказкі”. З ахвотай удзельнічаючы ў “Аўкцыёне прыказак з лікамі”, конкурсах “Гарэзлівыя літары ў прыказках”, “Прадоўжы прыказку, падабраўшы антонімы”, “Узнаві прыказку па дадзеных словах”, вучні пашырылі свае веды пра прыказкі, маглі паказаць, для чаго яны ўжываюцца ў маўленні.

Займальным і адначасова павучальным аказаўся прагляд анімацыйнага фільма “Беларускія прымаўкі”. Дзеці ў забаўляльнай форме даведаліся пра паходжанне многіх прыказак і прымавак. Завяршыўся ўрок “Вясёлым тэстам”, падчас якога пяцікласнікі ўзгадалі вядомых збіральнікаў прыказак.

Не засталіся ў баку ад свята і нашы пачаткоўцы. У 1–4 класах адбыліся запамінальныя для дзяцей мерапрыемствы, вучні з задавальненнем удзельнічалі ў розных моўных і літаратурных спаборніцтвах, правялі віктарыну па беларускіх народных казках.

Амаль на кожным перапынку працаваў “Беларускі мультсалон”. Дзецям спадабаліся “Прыгоды Несцеркі”, а таксама мультфільмы “Мікі Маўс” і “38 папугаяў” на беларускай мове.

У фінале свята прайшоў конкурс насценных газет “Роднае слова”, у якім прынялі ўдзел навучэнцы 5–11 класаў. Кожны клас стараўся як мага лепш раскрыць зададзеную тэму. Аднак конкурс на тое і конкурс, што ў ім ёсць пераможцы. Кампетэнтнае журы прызнала лепшай, найбольш адпавядаючай умовам конкурсу і па форме, і па змесце насценную газету “Я люблю беларускую мову”, створаную пяцікласнікамі. Добрыя, з густам аформленыя насценгазеты атрымаліся ў вучняў 8, 9 і 11-х класаў. Прайграўшых не было, бо кожны ўдзельнік конкурсу ў меру сваіх творчых і мастацкіх здольнасцей ад душы выказваў пашану роднаму слову.

Флэшмоб “Беларусь у маім сэрцы” завяршыў тыдзень, а справа па вывучэнні і ўшанаванні роднага беларускага слова працягваецца.

Мікалай АНТОНЧЫК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Шчорсаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий