Для сучасных дзяцей Вялікая Айчынная вайна – гэта далёкая гісторыя. Таму задача дарослых – дапамагчы падлеткам сфарміраваць правільную грамадзянскую пазіцыю, выхаваць уважлівае стаўленне да ветэранаў. Добрыя кнігі пра вайну, успаміны, размовы пра гісторыю нашай Радзімы і асобных чалавечых лёсах фарміруюць памяць пакаленняў.
Бібліятэка гімназіі кожны год прымае актыўны ўдзел у акцыі “Чытаем дзецям пра вайну”. Сёлета ў рамках акцыі для вучняў пачатковай школы правялі гадзіну чытання кніг пра вайну. Уступная гутарка пра падзеі вайны з фашысцкай Германіяй падрыхтавала дзяцей да знаёмства з літаратурнымі творамі, якія прадстаўлены на кніжнай выставе, арганізаванай у чытальнай зале. Для чытання ўслых была абраная кніга А. Міцяева “Зямлянка”.
У суправаджэнні прэзентацыі “Кнігі пра вайну для дзяцей” гімназісты праслухалі апавяданні “Зямлянка”, “Мяшок аўсянкі”, “Ракетныя снарады” Анатоля Міцяева.
З вялікай цікавасцю маленькія чытачы актыўна абмяркоўвалі падзеі тых часоў, учынкі герояў, выказвалі свае адносіны да прачытанага. Адказы дзяцей былі абдуманымі і асэнсаванымі. Пазней па прачытаным тэксце дзецям была прапанавана віктарына.
Завяршыўся час чытання праглядам мультфільма “Салдацкая казка” па апавяданні Канстанціна Паўстоўскага “Прыгоды жука-насарога”, а вучань трэцяга класа Франкоўскі Артур прачытаў вельмі выразна і артыстычна верш Льва Пратасава “Малы яшчэ, але разважыць я ў сіле…”. Хлопчыку, які напісаў гэты верш, было ўсяго 10 гадоў. Пранікнёна гучалі словы аб Радзіме, аб любові да яе.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны была і застаецца адной з вядучых у літаратуры мінулага і сучаснасці. Праз 75 гадоў пасля заканчэння той страшнай вайны ў нас ёсць магчымасць зірнуць на падзеі ваенных гадоў вачыма відавочцаў.
Алена ЯКУТА,
бібліятэкар гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага Свіслачы