У рамках Школы Актыўнага Грамадзяніна ў сярэдняй школе № 7 Смаргоні прайшоў адзіны дзень інфармавання “Пад небам Бацькаўшчыны нашай прайшла суровая вайна” (да 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне).
У інфармацыйным блоку “Вялікая Айчынная вайна – гады выпрабаванняў, мужнасці і гераізму беларускага народа” дзеці ўзгадалі пра гераічныя і трагічныя старонкі ў лёсе нашага народа: абарону Брэсцкай крэпасці, лагеры смерці, карныя аперацыі. Вялікая ўвага была нададзена кнізе “Я з вогненнай вескі…”, у якой апісваюцца лёсы 147 беларускіх вёсак у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Прагляд відэаролікаў “Беларусь памятае”, падрыхтаваных Белтэлерадыёкампаніяй да 75-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у інфармацыйным блоку “У нашых сэрцах гэты подзвіг бессмяротны!” дапамог старшакласнікам пераканацца ў тым, што Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг. – гэта важнейшая падзея ў нашай гісторыі, вялікі подзвіг народа.
Разважаючы над атрыманай інфармацыяй, навучэнцы ўспомнілі экскурсіі у мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Па словах многіх з іх, наведванне гэтага места дазволіла зразумець, як шмат людзей рознага ўзросту пацярпелі ад рук акупантаў.
Некаторыя падлеткі падзяліліся ўражаннямі ад апавяданняў “Дзве старасці”, “Гарыць раён”, “Несхадзімае гора” з кнігі “Я з вогненнай вескі…”. Героямі гэтай кнігі з’яўляюцца людзі, якія ў літаральным сэнсе выйшлі з агню.
Не абышла бокам Вялікая Айчынная вайна і нашу малую радзіму – Смаргоншчыну. Навучэнцы 9-х класаў Якаўлева Ганна, Валковіч Максім, Клінцэвіч Алёна расказалі аб тым, якімі былі гады вайны для іх сваякоў – прабабак і прадзедаў. У гэты дзень старшакласнікі ўзгадалі таксама і пра ветэранаў вайны Паўлоўскую Тэрэзу Казіміраўну, Білішчак Ірыну Іванаўну, Бандарэнка Глафіру Іларыёнаўну, Сарокіна Сямёна Васільевіча, якія з’яўляюцца падшэфнымі нашай школы. Штогод напярэдадні Дня Перамогі і Дня Незалежнасці дзеці віншуюць іх і дораць кветкі ў знак падзякі.
У блоку “Мы дзейнічаем” старшакласнікі абмеркавалі ўдзел у рэспубліканскіх патрыятычных акцыях “Дзякуй за Перамогу!”, “Кветкі Вялікай Перамогі”, “Беларусь памятае”, у дабрачыннай акцыі “Ветэран жыве побач”. Акрамя таго, у школе будзе праходзіць акцыя “Зорка герояў”. Для яе ажыццяўлення навучэнцы прыносяць у школу фатаграфіі сваякоў – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя фатаздымкі будуць размешчаны ў фае, каб кожны, хто заходзіць у школу, мог аддаць даніну павагі тым, хто адваяваў нашу Перамогу.
Марыя ГОВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні