Школа Актыўнага Грамадзяніна сабрала ў актавай зале навучэнцаў Бакштаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Іўеўскага раёна, каб паразважаць аб 75-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
“Пад небам Бацькаўшчыны нашай прайшла суровая вайна”, – менавіта так гучала тэма адзінага дня інфармавання.
Спачатку вучні прагледзелі кадры з відэаролікаў “Беларусь памятае”, падрыхтаваныя Белтэлерадыёкампаніяй. Пасля адбылося абмеркаванне інфармацыі ў блоку “Вялікая Айчынная вайна – гады выпрабаванняў, мужнасці і гераізму беларускага народа”. Школьны бібліятэкар Алена Буцько пазнаёміла дзяцей з успамінамі жыхароў спаленых вёсак, сабранымі ў кнізе “Я з вогненнай вёскі…”. У нашым раёне ёсць вёскі, якія мы называем сёстрамі Хатыні: Юроўскія і Кавалёвы. Яны былі спалены разам з усімі жыхарамі ў гады вайны, аб гэтым распавядае кніга “Памяць”.
Падчас ШАГа хлопчыкі і дзяўчынкі нашай школы прынялі ўдзел у агульнаабласной акцыі “Зорка герояў”, прымацаваўшы на спецыяльным стэндзе з выявай зоркі фатаграфіі і шыльды з імёнамі сваякоў – ветэранаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Працягам адзінага дня інфармавання стала наведванне навучэнцамі 9 класа памятнага месца ў цэнтры вёскі – помніка воінам, якія загінулі ў гады вайны, каб яшчэ раз навесці парадак у парку і пасадзіць кветкі на брацкай магіле.
Валянціна ГРАЖЫНСКАЯ,
класны кіраўнік 9 класа Бакштаўскага дзіцячага сада –
сярэдняй школы Іўеўскага раёна