Краіна жыве напярэдадні знакавай падзеі – 75-годдзя Вялікай Перамогі. Даўно адгрымела ваенная кананада. Усё менш і менш застаецца жывых сведкаў далёкіх падзей. Але мы павінны памятаць, што толькі дзякуючы іх сіле духу і стойкасці мы сёння спакойна глядзім ў мірнае неба, гуляем па скверах і парках, проста жывем.
У знак адзінства, у знак будучыні вучні Доцішскай сярэдняй школы сумесна з працаўнікамі пункту пропуску “Доцішкі” 23 красавіка арганізавалі акцыю-дэсант па навядзенні парадку ля помнікаў салдатам Вялікай Айчыннай вайны. Разам мытнікі і школьнікі, падлеткі і дарослыя. Яны клапоцяцца аб будучым, каб новае пакаленне не пакінула без увагі сімвалы мужнасці і гераізму на нашай зямлі.
Сімвалічнай стала закладка алеі як даніны памяці загінулым. Высаджаны клёны, бярозкі, ліпкі, якія дзесяцігоддзямі будуць спяваць песню ўшанавання памяці герояў.
Гэта патрэбна не мёртвым, гэта патрэбна жывым.
Ганна ПТАШЫНСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна