Чалавек, настаўнік, калега

- 8:38После уроков, Юбилеи

Сёння, 5 мая 2020 года, спаўняецца 90 год былому дырэктару нашай школы Міхаілу Міхайлавічу Карповічу.

 Мой настаўніцкі лёс сутыкнуў мяне з гэтым чалавекам, апантаным сваёй справай, ветэранам працы, выдатнікам асветы. Міхаіл Міхайлавіч нарадзіўся і вырас на Навагрудчыне ў вёсцы Антонаўка. Атрымаўшы педагагічную адукацыю спачатку ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы, а потым у Магілёўскім педагагічным інстытуце па спецыяльнасці гісторыя і грамадазнаўства, Міхаіл Міхайлавіч звязаў свой лёс з Любчанскай сярэдняй школай Навагрудскага раёна. Служэнню адукацыі і дзецям ён прысвяціў 49 гадоў. Сам па сабе такі стаж – ужо подзвіг, а калі ўлічыць напоўненасць, эфектыўнасць гэтых працоўных гадоў, то асоба Міхаіла Міхайлавіча становіцца асабліва аўтарытэтнай.

Настаўнік гісторыі, дырэктар школы, адзін з заснавальнікаў музея Любчанскага краю і нязменны яго кіраўнік на працягу 35 гадоў. Яго імя ўнесена ў Кнігу славы Навагрудскага раёна. 

Мяне заўжды ўражвала актыўная жыццёвая пазіцыя гэтага чалавека. Ён быў не толькі настаўнікам. Хапала часу на выкананне грамадскіх абавязкаў сакратара камсамольскай і партыйнай арганізацый, дэпутата пасялковага Савета, а пазней ён узначаліў пярвічную арганізацыю ветэранаў СВК “Прынёманскі”. Сваім вопытам шчодра дзяліўся з другімі на старонках газет.

Ахоплены ідэямі турызму і краязнаўства, не страціўшы маладога задору нават у сталым узросце, усё сваё жыццё М.М. Карповіч аддаваў збіранню скарбаў роднай старонкі. На першы погляд, зусім звычайных, а калі глянуць глыбей, то неацэнных, скарбаў нашай мінуўшчыны – сведкаў гісторыі людзей любчанскага краю, што ўславілі яго сваімі справамі. Урэшце рэшт старанні Міхаіла Міхайлавіча, па прызванні – педагога, па складзе характару – арганізатара, выліліся ў выдатны праект – стварэнне Музея любчанскага краю, які набыў статус народнага ў 1998 г. і плённа функцыянуе на базе Любчанскай сярэдняй школы і ў нашы дні. Музей для Міхаіла Міхайлавіча быў яго тварэннем, крыніцай натхнення, аб’ектам агульнай працы педагагічнага і вучнёўскага калектываў і, без перабольшання, гісторыка-краязнаўчым цэнтрам нашага пасёлка.

Ёсць у музеі кніга водгукаў. За многія гады ў ёй накапіліся тысячы ўдзячных слоў ад гасцей з усіх куткоў Беларусі і замежжа. Нягледзячы на тое, што яны напісаны ў розны час і рознымі людзьмі, амаль у кожным запісе ёсць словы: “Дзякуй Вам, Міхаіл Міхайлавіч! Напомнілі, што трэба ганарыцца сваёй малой радзімай”.

Няўмольны час пахіснуў здароўе Міхаіла Міхайлавіча, але яго жыццесцвярджальная пазіцыя не змянілася. Загараюцца вочы радасцю і маладым задорам, калі яго дом наведваюць былыя вучні і тыя, хто сёння вучыцца ў школе. Я думаю, што найвышэйшая ўзнагарода для Міхаіла Міхайлавіча – удзячнасць людзей, якія ў любым узросце застануцца для яго хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якіх ён вучыў слухаць, думаць і “ціха хадзіць” па школьных калідорах.

Хочацца пажадаць Міхаілу Міхайлавічу моцнага здароўя, дабрабыту, няхай Ваша жыццё напаўняюць цяпло, дабро і аптымізм.

Ніна ЯРМАЦ,
настаўнік Любчанскай СШ Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий