Падарожжа на заставу “Рыбалы”

- 8:26ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Сонечным вясновым ранкам гімназісты 5–6 класаў сустрэліся, каб адправіцца ў цікавае падарожжа. Шлях быў няблізкі, але перад вучнямі былі пастаўлены пытанні, адказы на якія трэба было знайсці напрыканцы.

  Пытанні былі такія: што ўяўляе сабой граніца Рэспублікі Беларусь, людзі якіх прафесій працуюць там, якія абавязкі ў вайскоўцаў на мяжы, як жывуць ваеннаслужачыя, як яны праводзяць свой адпачынак і іншыя.

Аўтобус спыніўся ля варот заставы “Рыбалы”. Дзяжурны вайсковец падышоў да варот і дазволіў нам праехаць далей. Калі аўтобус спыніўся ў другі раз, нас сустрэў старшы прапаршчык Янцэвіч Аляксей Паўлавіч, у якім мы пазналі свайго былога вучня. Экскурсія пачалася.

Для знаёмства з заставай прапаршчык павёў нас да будынкаў гаспадарчага прызначэння. У вучняў выклікала цікавасць гаспадарка, дзе гадавалі свіней і курэй. Салдаты не толькі спраўна вядуць службу, але і ўмеюць даглядаць за жывёлай.

Сабака ў пагранічных войсках не проста сябар чалавека – гэта паўнапраўны салдат, які разам з чалавекам нясе службу па ахове дзяржаўнай граніцы. Мы ўбачылі сабак у вальерах.

Граніца… Макет мяжы, зямля з успаханымі палосамі без адзінага следу. Прапаршчык растлумачыў вучням некаторыя асаблівасці аховы дзяржаўнай граніцы, звязаныя з зямельная паласой.

Апошні будынак, які экскурсантам прапанавалі наведаць, – казарма. Вучняў на ўваходзе чакаў стол са зброяй. Аляксей Паўлавіч паказаў, як разбіраць і збіраць аўтамат. Дзецям дазволілі ўзяць у рукі баявую зброю, зрабіць фотаздымкі.  

У казарме шмат памяшканняў, у кожнага сваё прызначэнне. Маленькая ўтульная сталоўка, вучэбныя памяшканні, экзаменацыйная, гардэробная, пакой адпачынку і інш. Зацікавіла бібліятэка, якая больш нагадвала чытальную залу з трыма стэлажамі для кніг.

У пакоі для адпачынку, які мае назву “чырвоны куток”, вучні пазнаёміліся з хатнімі пітомцамі салдат. Імі сталі рыбкі і чарапашкі.

Экскурсія закончылася. Але хацелася, каб вучні пакінулі для сябе нешта большае, чым уражанні. Мы спыталіся ў прапаршчыка: “Што вы можаце параіць вучням?”

– Паважаныя вучні, – сказаў Аляксей Паўлавіч, – ваша цяперашняя  праца – гэта добра вучыцца. Армія – гэта арганізацыя людзей, дзе сяброўства, сумленнасць, вернасць, любоў да Радзімы і людзей, якія акружаюць цябе, маюць вялікае значэнне. Ісці ў нарад прыемней з сябрам, з чалавекам, якому ты давяраеш. Выконваючы абавязак воіна, абараняючы межы нашай Радзімы, разумееш, што абараняеш блізкіх табе людзей і не толькі іх. Перад тым, як што-небудзь зрабіць – падумайце добра. Ваша задача – вучыцца на дзесяць, а межы нашай Радзімы мы будзем ахоўваць як належыць.

Наперадзе быў шлях дамоў. Уражаныя вучні, трохі сумныя ад таго, што падарожжа зараз скончыцца, селі ў аўтобус, які памчаў нас у Свіслач.

Вучні атрымалі адказы на пытанні, якія іх цікавілі і падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Дзмітрый Лаўрыновіч: “Я ўяўляў граніцу інакш. Цяпер ведаю, як яна выглядае, колькі людзей там працуе, чым займаюцца салдаты”.

Рыма Судніковіч: “Я люблю жывёл. Мне цікава было паглядзець на  сабак-вайскоўцаў. Не ведала, што салдаты могуць займацца жывёлагадоўляй”.

Вікторыя Кавальчук: “Заўсёды марыла патрымаць зброю ў руках. Цікава было паглядзець, як хутка салдаты яе разбіраюць і збіраюць. Спадабаліся рыбкі і чарапашкі ў пакоі адпачынку”.

Ігнат Грыка: “Мяне здзівіла тое, што салдаты самі могуць гатаваць ежу. Утульная па-дамашняму кухня ўразіла яшчэ больш”.

Яна Валансевіч: “Чытальная зала ці бібліятэка? Не ведала, што салдаты маюць час на кнігі. Зацікавіў вучэбны клас, магчымасць здаваць кожны дзень залікі на камп’ютары”.

Арсеній Руды: “А мне спадабаліся ваенныя аўтамабілі. Хацелася б стаць іх кіроўцам, даглядаць за імі”.

Ігнат Сухоцкі: “Граніца – гэта вельмі важна для спакою і дабрабыту жыхароў нашай Радзімы. Служба там цікавая і складаная. Я хацеў бы стаяць на ахове нашай граніцы”.

У Свіслацкім раёне працуюць дзве заставы. На пытанне настаўнікаў, ці паедзем на другую заставу, усе аднагалосна адказалі: “Так!”

Наша Радзіма такая цікавая і неабсяжная, непаўторная і захапляльная, але найперш неабходна даведацца аб усім, што знаходзіцца на малой радзіме, там, дзе праходзіць тваё маленства і юнацтва, на роднай Свіслаччыне.

Святлана ФІЛАТАВА, Ала СІНІЦА,
класныя кіраўнікі 5–6 класаў
гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага Свіслачы

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий