Ад вясны, якая задае новы рытм жыцця, мы заўсёды чакаем добрых перамен, звязваем з ёй надзеі на абнаўленне. І цвёрда ведаем, што пры дапамозе працы можа быць створана наша будучыня, дабрабыт ўсіх і кожнага. Першага мая – Дзень вясны і працы. Гэта свята ўсіх, хто працуе, свята людзей розных прафесій.
Групавы пакой рознаўзроставай групы № 2 Нягневіцкага ДЦРД Навагрудскага раёна пераліваўся дзіцячымі галасамі, бо так эмацыянальна яны абмяркоўвалі прафесіі сваіх бацькоў, паведамлялі адно аднаму, як цікава на рабоце ў мамы ці таты, якімі прыладамі тыя карыстаюцца на рабоце. А з надыходам вясны работы становіцца яшчэ болей, у палях, садах і агародах. Трэба паспець абрэзаць дрэвы да распускання пупышак, пабяліць ствалы, каб абараніць дрэва ад шкоднікаў. У садзе згрэбці сухія лісты, падрыхтаваць глебу для высадкі расады і многае іншае.
Нашы выхаванцы добра ведаюць, як нялёгка даецца праца на вёсцы, і яны рады дапамагчы сваім бацькам: парыхліць глебу, пакласці насенне ў зямлю, каб з яго вырасла морква, агурок ці бурачок.
Дзеці з задавальненнем гулялі ў дыдактычныя гульні, а пасля “прымяралі” на сабе прафесіі. Ужо ў дашкольным узросце можна зрабіць першыя здагадкі пра развіццё цікавасці да працы дарослых. Выхаванцы яшчэ маленькія, але, дапамагаючы дома бацькам і “працуючы” ў садку, яны робяць першыя крокі насустрач сваёй прафесіі.
А пасля мы з дзецьмі зрабілі папяровага голуба, бо голуб – гэта сімвал міру, нездарма яго так часта малявалі на першамайскіх паштоўках і плакатах. Кожны стараўся, каб яго работа была самай лепшай і прыгажэйшай.
Вольга КАРПОВІЧ,
выхавальнік Нягневіцкага ДЦРД Навагрудскага раёна