Да 75-годдзя Перамогі па ўсёй Беларусі добраўпарадкваюць вайсковыя пахаванні, брацкія магілы, месцы, дзе загінула мірнае насельніцтва ў перыяд гітлераўскай акупацыі. У Воранаўскім раёне напярададні Дня Перамогі дзякуючы ініцыятыве мясцовых улад была праведзена работа па добраўпарадкаванні месца гібелі дзяўчат-сувязістатак. На месцы былой стылізаванай зямлянкі пастаўлены камень з мармуровай плітой з выбітымі імёнамі герояў.
Помнік стаіць сярод поля каля вёскі Подзі на тым месцы, дзе ў 1945 годзе знаходзіўся назіральны пост 10-й роты НП-03. У халодны студзеньскі вечар 1945-га на дзяўчат-сувязістак напалі бандыты, якія блукалі ў навакольных лясах. Калі прыйшла дапамога, бой ужо скончыўся. Валя Паліканава, Шура Цярохіна, Каця Дзьячкіна загінулі ў баі. Праз некалькі дзён памерла параненая Таня Панамарова. Засталася ў жывых толькі Шура Чарных, якая ўвесь бой праляжала без прытомнасці па прычыне кантузіі.
Стылізаваная зямлянка была пабудавана на месцы тых трагічных падзей у 1974 годзе. Тэрыторыя вакол яе заўсёды была дагледжана дзякуючы клопатам навучэнцаў Пагародзенскай сярэдняй школы і іх класных кіраўнікоў. Але ідуць гады… Час не пашкадаваў і гэта памятнае для пагародзенцаў месца. Мясцовыя ўлады адзначылі, што месца гібелі герояў знаходзіцца ў нездавальняючым стане.
Напярэдадні Дня Перамогі па ініцыятыве Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта было даказана не словам, а справай, што ніхто не забыты і нішто не забыта. На месцы гібелі дзяўчат устаноўлены камень з мармуровай плітой, на якой навечна выбіты імёны загінулых герояў. Тут няма нічога лішняга, усё проста, таму помнік знаходзіцца ў гармоніі з навакольным асяроддзем. Маладыя бярозкі вартуюць дзяўчат, якія нарадзіліся далёка на ўсходзе, а знайшлі спачын на беларускай зямлі, і засцерагаюць ад бяды ўсіх людзей, іх нашчадкаў. Пасаджаныя вучнямі школы рознакаляровыя браткі, здаецца, глядзяць на нас вачамі жывых дзяўчат-сувязістак.
7 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака. Перад прысутнымі выступіла кіраўнік пагародзенскага школьнага музея баявой славы Ганна Уладзіславаўна Юшко. Яна адзначыла, што доўгачаканы дзень перамогі прыйшоў у далёкім 45-м на нашу зямлю, палітую крывёю герояў. Але тыя, хто загінуў, – з намі. Мы памятаем пра іх. І гэта вышэйшая ўзнагарода загінулым і жывым. Сапраўднымі патрыёткамі былі сувязісткі. Яны не паспелі стварыць сем’і, нарадзіць дзяцей, набыць прафесіі, але зрабілі так многа для свайго народа.
Да гэтага святога месца прыходзяць людзі, каб аддаць даніну памяці загінулым. Мы не бачылі вайны. І гэта наша шчасце. Вельмі важна, каб людзі ведалі і заўсёды памяталі тых, хто змагаўся за родную зямлю, і вялікай цаной даў магчымасць нам жыць, вучыцца, працаваць, марыць і радавацца жыццю.
Алена ЛАСТОЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна