Аздараўленне дзяцей, стварэнне эмацыйнага камфорту – найважнейшая задача ясляў-сада № 3 Навагрудка.
Арганізацыя музычных заняткаў з выкарыстаннем тэхналогій здароўезберажэння дапамагае забяспечыць больш беражлівыя адносіны да фізічнага здароўя выхаванцаў, выявіць і развіць музычныя здольнасці і творчы патэнцыял кожнага дзіцяці.
Так, з выкарыстаннем здароўезберагальных тэхналогій у нашай дашкольнай установе быў праведзены музычны занятак з выхаванцамі сярэдняй групы «Падарожжа з сонечным зайчыкам».
На музычным занятку традыцыйныя віды музычнай дзейнасці спалучаліся з элементамі здароўязберажэння ў гульнявой форме. Песенька-распеўка, з якой пачаўся занятак, задала пазітыўны тон на ўвесь дзень. На сустрэчу з сонечным зайчыкам хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся па музычнай дарожцы, дзе выкарыстоўвалася дынамічнае практыкаванне «Па дарожцы» для прафілактыкі парушэння паставы. Дыхальная гімнастыка «Водар кветак», пальчыкавая гімнастыка «Нашы далікатныя кветкі» і фонапедычнае практыкаванне пад музычнае суправаджэнне былі выкарыстаны для горла і галасавых звязак з мэтай прафілактыкі прастудных захворванняў. Маўленчыя гульні суправаджаліся музычна-рытмічнымі рухамі і ігрой на дзіцячых музычных інструментах.
Кацярына ГНІЛЯКЕВІЧ,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 3 Навагрудка