Птушкі – самыя цікавыя аб’екты для назірання ў прыродзе. Звяры рэдка трапляюцца, а птушкі вельмі часта аказваюцца ў нас на вачах. Мы так прывыклі да іх, што часта не заўважаем, яны жывуць побач з намі і часам маюць патрэбу ў нашай дапамозе і абароне.
Назіранне за жыццём птушак можа падарыць чалавеку незабыўныя адчуванні. На тэрыторыі нашай дашкольнай установы можна сустрэць розных птушак.
Гуляючы на прагулках з дзецьмі і назіраючы за птушкамі, мы высветлілі, што пасля доўгай зімы да нас прыляцела шмат птушак. Самымі першымі прыляцелі шпакі і пачалі шукаць жыллё.
Мы з выхаванцамі ўспомнілі, што на працягу ўсёй зімы разам з бацькамі дзеці майстравалі шпакоўні. І вось аднойчы, дзякуючы фантазіі педагогаў, у нашай дашкольнай установе з’явілася новая “славутасць”, птушыны гарадок. Гэта частка “экалагічнай сцежкі”, якая ствараецца на тэрыторыі дашкольнага цэнтра.
Дзеці былі вельмі радыя такому незвычайнаму аб’екту. Экскурсіі да птушынага гарадка сталі самымі любімымі і незабыўнымі. Дзецям вельмі цікава назіраць, як птушкі засяляюць шпакоўні.
Мы спадзяёмся, што гэтым летам наш птушыны гарадок папоўніцца новымі жыхарамі і мы зможам за імі паназіраць.
Ала АЛЯШКЕВІЧ,
выхавальнік Любчанскага ДЦРД Навагрудскага раёна