Сёння людзі, якія валодаюць замежнай мовай, могуць свабодна ўваходзіць у розныя культурныя асяроддзі і рэалізоўваць сваю індывідуальнасць ў розных тыпах культур.
З 2010 года сярэдняя школа № 5 Смаргоні прымае ўдзел у міжнародным адукацыйным праекце “Сустрэча з Усходняй Еўропай”. Яго мэта – арганізацыя міжкультурнай камунікацыі паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей Еўропы. Удзельнікі праекта абменьваюцца інфармацыяй пра культуру і традыцыі сваіх краін, расказваюць пра захапленні сучаснай моладзі, дзеляцца ўражаннямі пра прагледжаныя фільмы і прачытаныя кнігі, а камунікацыю адзін з адным разглядаюць як сувязь і зносіны паміж прадстаўнікамі розных культур. Наладзіць зносіны дапамагае асабістая перапіска з арганізатарамі, а таксама іншымі ўдзельнікамі праекта.
Уменне пісаць лісты – адна з асаблівасцей далейшых паспяховых зносін. Выпрацоўваецца адзіны падыход да афармлення і напісання лістоў, улічваюцца разнастайныя варыянты зваротаў, якія прыняты ў краіне вывучаемай мовы. Зносіны праз лісты дапамагаюць вырашыць арганізацыйныя задачы, якія ставяцца перад удзельнікамі праекта. Рэалізуецца выхаваўчы патэнцыял мерапрыемства: ствараюцца ўмовы для выхавання такіх якасцяў, як ветлівасць, пунктуальнасць, акуратнасць, тактоўнасць. Такім чынам, перапіска дае магчымасць ўдзельнікам праекта пазнаёміцца паміж сабой, дапамагае вырашыць пытанні пра зняцце бар’ераў на шляху такіх зносін і спосабы іх пераадолення і ліквідацыі.
Дасведчана пабудаваць дыялогавыя зносіны – адна з галоўных задач міжнароднага праекта.
Наступны этап у арганізацыі міжкультурнай прасторы – наладжванне праектна-даследчай дзейнасці. Сёння простае выкладанне фактаў пра геаграфічнае становішчы краіны нікога не здзівіць. Цэніцца і прымаецца пад увагу тая інфармацыя, якую атрымліваюць удзельнікі праз даследаванне пэўных з’яў, фактаў. Праца захапляе, калі абраная тэма цікавая для кожнага ўдзельніка. Тэмы “Легенды і міфы Смаргоншчыны”, “Што значыць быць маладым” актуальныя і зразумелыя ўсім удзельнікам. Сёлета мае навучэнцы працавалі над тэмамі “Гісторыя гербаў беларускіх гарадоў” і “Гісторыя беларускіх гарадоў на фотаздымках мінулага стагоддзя”.
У працэсе працы над тэмамі даводзіцца шмат займацца перакладам, падбіраць правільныя маўленчыя клішэ, вывучаць дадатковую літаратуру, праводзіць анкетаванне, апытанні, пісаць эсэ. Прадумваючы змест праекта, і педагогі, і навучэнцы шмат працуюць над мовай. Узбагачаецца слоўнікавы запас, пашыраюцца веды прадметна-тэматычнага зместу. Навучанне камунікацыі ажыццяўляецца ў канкрэтнай камунікатыўнай сітуацыі, што вельмі важна для арганізацыі зносін. Удзельнікі праекта паглыбляюць і пашыраюць веды мовы, а таксама вырашаюць пытанні сутыкнення “дыялогу культур”. Дадзеная праблема існуе, паколькі адсутнасць элементарных ведаў пра агульнапрынятыя нормы паводзінаў у краіне становіцца перашкодай для наладжвання паспяховай камунікацыі. Таму, разглядаючы адну і тую ж сітуацыю, напрыклад, наведванне паліклінікі або ў гасцях у сяброў, апісваем яе з двух пазіцый: стаўленне да праблемы ў Беларусі і ў Германіі. Абменьваючыся інфармацыяй, мы больш даведваемся адзін пра аднаго і не баімся моўных перашкод.
Пераадоленне страху перад моўным бар’ерам – умова паспяховай камунікацыі ў грамадстве. Асаблівасць арганізаваных зносін заключаецца ў тым, што моўныя памылкі не ўлічваюцца, калі яны не скажаюць змест. Тактоўная просьба “Удакладніце пытанне…” або “Напэўна, вы хацелі сказаць, што…” дае магчымасць яшчэ раз перагледзець змест і яшчэ раз падкарэктаваць яго. Абменьваючыся інфармацыяй, мы не толькі рэкламуем сябе і сваю краіну, але і вучымся адзін у аднаго сапраўдным стасункам у канкрэтных умовах міжкультурнай камунікацыі.
Антаніна МАНЧАК,
настаўнік нямецкай і англійскай моў сярэдняй школы № 5 Смаргоні