І кладуцца радочкі, і сплятаюцца вершы…

- 22:15ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Усё наша жыццё гэта шлях. Шлях, па якім мы імчымся ўперад, набываем вопыт і становімся сталымі, сустракаючыся з рознымі падзеямі і людзьмі, якія ў наш жыццёвы вопыт прыносяць прыгажосць і дабрыню. Год малой радзімы адкрывае новыя імёны таленавітых людзей зямлі беларускай. Аб адной такой сустрэчы на сваім шляху я і хачу расказаць.

Свой аповед пра Людмілу Мікалаеўну Краснадубскую, паэтэсу-самародка з Ліды я назвала радком з яе верша.

               І зноў сыплюцца словы з-пад пяра нетаропка.
              Дзе сплятаюцца доўга, дзе каротка-каротка.
              У кудзерах і проста – хто як можа, так піша.
              Ёсць пачатак у верша: вецер голле калыша…

Гэты цудоўны верш напісала прыгожая абаяльная жанчына, па абліччу якой цяжка пазнаць узрост. Дзесьці за 50, не болей. На нас глядзяць блакітныя з усмешкай вочы. Цяжка ўявіць, што ў такой прыгожай жанчыны, вершы якой падобны песням, вельмі складаны лёс. У сваім нарысе хачу расказаць пра чалавека, які амаль усе жыццё працаваў на зямлі, але гэта не перашкаджала пісаць цудоўныя вершы. Люда, Людачка, Людміла Мікалаеўна Краснадубская, самародак з Ліды. Цяпер яна знакамітая паэтэса, выступае на розных мерапрыемствах. Выдала другую кніжку сваіх вершаў.

Нарадзілася ў вёсцы Вішнёўка Мінскага раёна ў сям’і калгаснікаў. Вучылася на выдатна. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум у Мар’інай Горцы, але лёс распарадзіўся так, што пакахала добрага хлопца, які і забраў яе з роднага дому ў Дзятлаўскі раён, вёску Жукоўшчына. Там яна і жыла доўгі час. А затым пераехала ў Ліду. Яе лічаць сваёй паэтэсай знаёмыя з трох раёнаў: Мінскага, Дзятлаўскага і Лідскага. Яна прэзентавала сваю другую кніжку вершаў “Дарогаю жыцця” ў нашай Беліцкай школе. Нам пашчасціла ўзяць інтэрв’ю у Людмілы Мікалаеўны. Вельмі прыемна, што чалавек адкрыты для гутаркі.

На пытанне: “Адкуль чарпаеце натхненне?”, Людміла Мікалаеўна з усмешкай адказвае: “Агляніцеся навокал. Жыццё такое прыгожае, галоўнае бачыць гэту прыгажосць ва ўсім: у кропельках ранішняй расы, у асеннім нянасным надвор’і, у сонечных праменьчыках, вясёлцы пасля дажджу, і тады вершы самі будуць ліцца ракой”. Зусім па сакрэту яна сказала нам, што самая любімая пара года – гэта восень. Ужо не так горача, але ранішнія халады змяняюцца “бабіным летам”, а гэта яркія, чароўныя фарбы восені, і так прыемна гуляць пад ласкавым сонейкам, калі пад нагамі шапацяць прыгожыя рознакаляровыя лісточкі. Гледзячы на гэту палітру фарбаў, так і хочацца пісаць, спяваць пра восень, каб усе людзі заўважылі гэту прыгажосць і сталі крышачку дабрэйшымі.

              Ветер гонит по улице листья
              И кружит их в шальном хороводе…
              Это просто на улице осень.
              Ну а ветер – опять к непогоде.
              Я возьму в ладонь твои пальцы
              И своим дыханьем согрею,
              Ведь на улице нынче осень.
              И тобою опять я болею…

Тэматыка вершаў Людмілы Краснадубскай вельмі разнастайная. Гэта і пра каханне, і пра родную прыроду, пра Радзіму, пра патрыятызм людзей. Шмат вершаў і пра цудоўны, авеяны легендамі прыгожы горад, які носіць жаночае імя – Ліда.

              Стоит, как часовой на страже мира,
              Огромный замок, что построен много лет назад,
              Приумножая славу князя Гедимина
              И города с названьем славным Лида-град…

Калі чалавек таленавіты, то таленавіты ва ўсім. Людміла Мікалаеўна вельмі добрая гаспадыня, і клапатлівая маці. Яна мае траіх дзяцей – двух сыноў і прыгажуню дачку. Але самае дарагое – гэта сямёра ўнукаў, якіх Людміла сустракае смачнымі духмянымі пірагамі. Менавіта для іх яна і стала пісаць вершы. Вось яшчэ адзін сакрэт, які раскрыла паэтэса: вельмі хоча выдаць кнігу з вершамі для дзяцей, якіх напісана ў яе шмат.

Людміла любіць шыць, вышываць, вязаць, займацца ландшафтным дызайнам, фатаграфаваць. Але самае вялікае хобі, акрамя вершаў, – гэта спевы. Калі на сустрэчы запыталі, што для яе значыць песня, яна проста адказала, што вершы і песні не раз выратоўвалі ў самых складаных сітуацыях. І калі на сэрцы станавілася вельмі сумна, Люда ішла на прыроду і спявала. І мабыць сама прырода дапамагала змагацца, давала сілы. Спявае яна заўсёды, і заўсёды згаджаецца выступіць на любых мерапрыемствах. Людміла праспявала і на нашай сустрэчы. І сапраўды, голас у яе мілагучны. Рэпертуар – на розную катэгорыю слухачоў, але прыемна адзначыць, што спявае яна і аўтарскія песні. Калі мы запыталіся пра гэтыя творы, то на твары прамільгнуў нейкі цень. Людміла Мікалаеўна нам сказала, што яна і сама піша музыку, але дзеля таго, каб запісаць якасную фанаграму, патрэбна студыя. Вершы ў яе такія мілагучныя, пявучыя, таму вельмі хочацца, каб яны загучалі пад музыку.

Простая жанчына… Таленавітая паэтэса… Як прыемна прайшла сустрэча. Усё наша жыццё – гэта шлях. І вельмі добра, што такія людзі, як Людміла Мікалаеўна, сустракаюцца на ім, мабыць, дзеля таго, каб дарыць людзям чысціню і дабрыню.

Закончыць свой аповед пра Людмілу Мікалаеўну хочацца радкамі з яе верша:

              Дарогаю жыцця прайсці,
              Каб потым азірнуцца,
              Успомніць усё, засумаваць,
              Паплакаць, зноўку ўсміхнуцца!

Іна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
настаўнік музыкі і мастацтва
Беліцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Лідскага раёна
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий