У маі мы з удзельнікамі гуртка “Юныя турысты” Мярэцкаўскага дзіцячага сада – базавай школы Глыбоцкага раёна здзейснілі велапаход выхаднога дня працягласцю 50 кіламетраў.
Наш велапаход мы прысвяцілі 75-й гадавіне Перамогі. Пры падрыхтоўцы маршруту асобна вызначылі месцы прыпынкаў – ля помнікаў і абеліскаў, устаноўленых у раёне ў памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Узялі з сабой кветкі, каб ушанаваць памяць людзей, якія аддалі жыццё за наша мірнае сёння.
Шматлікім жыхарам Глыбоччыны давялося ў складзе Чырвонай Арміі змагацца з нямецкімі захопнікамі. Адны былі ў ліку тых, хто першымі сустрэў ворага на заходніх рубяжах краіны, іншыя абаранялі Ленінград, Маскву, прымалі ўдзел у Сталінградскай і Курскай бітвах, вызвалялі родны край. Не ўсе вярнуліся дадому жывымі.
У паход “Мы памятаем!” мы адправіліся з навучэнцамі 7–9-х класаў. Стартавалі ў вёсцы Мярэцкія ад школы, а далей наш маршрут праходзіў праз Удзела, Мосар, Верхняе, Карабы. У кожнай з гэтых вёсак ёсць помнікі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ушанаваўшы хвілінай маўчання і ўсклаўшы чырвоныя цюльпаны, мы аддалі даніну памяці.У горадзе Глыбокае спыніліся ля помніка загінулым у гета яўрэям у скверы па вуліцы Чкалава і ля брацкіх могілак расстраляных ваеннапалонных ва ўрочышчы Барок.
Я расказвала навучэнцам пра далёкія страшныя падзеі, ад якіх нас аддзяляюць 75 гістарычных гадоў, напоўненых працай, дасягненнямі і здзяйсненнямі папярэдніх пакаленняў. Сімвалічным было завяршэнне паходу ля помніка загінулым воінам-землякам у вёсцы Мярэцкія.
Аксана ЗАВАДСКАЯ,
педагог дадатковай адукацыі