У Кадзінскай сярэдняй школе Магілёўскага раёна ў рамках праекта “Людзі разам – смецце паасобна” быў створаны валанцёрскі атрад “Чулыя сэрцы”, у склад якога ўвайшлі навучэнцы сёмых класаў.
Для сваіх добрых спраў дзеці з задавальненнем знаходзяць час як пасля ўрокаў, так і ў шосты школьны дзень.
Валанцёрамі ўжо шмат зроблена. Яны ачысцілі ад смецця бераг вадаёма і прылеглую лесапаласу аграгарадка Кадзіна, прынялі ўдзел у акцыях па зборы макулатуры “Старая папера для новых кніг”, па зборы палімераў “Адыходы ў даходы”. З вялікім задавальненнем навучалі валанцёры вучняў пачатковай школы асобнаму збору смецця, распрацавалі і падарылі малодшым школьнікам брашуры-памяткі. Дзеці правялі акцыю для пачатковых класаў “Здай батарэйку – выратуй вожыка”, зараз і малышы ведаюць, на што здольная адна маленькая батарэйка.
Адным з напрамкаў нашага праекта з’яўляецца акультурванне тэрыторыі. Для гэтага абраная дзіцячая пляцоўка недалёка ад школы. Дзеці ўжо прывялі ў парадак пясочніцу, займаюцца абнаўленнем лавачак.
Навучальны год скончаны, наперадзе летнія канікулы, але нашы добрыя справы не канчаюцца. Усё толькі пачынаецца!
Марыя МЯШКОВА,
класны кіраўнік 7 “А” класа Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна