“Вясёлка” сабрала юных патрыётаў

- 7:02МИНСК, Регионы

 

Школьны аздараўленчы летнік “Вясёлка” на базе сталічнай сярэдняй школы № 21 цалкам апраўдаў сваю назву, паколькі чэрвеньскія дні вучняў 1–3-х класаў былі расфарбаваны мноствам мерапрыемстваў пад акампанемент звонкага смеху, а часам і гарачых дыскусій.

Начальнік летніка Святлана Далганюк распрацавала план работы змены з улікам творчых схільнасцей вучняў, каляндара святаў, знакавых падзей і ўзросту выхаванцаў. Ужо які год запар школьны летнік мае грамадзянска-патрыятычную накіраванасць. Сёлета традыцыю працягнулі яшчэ і таму, што ў маі краіна маштабна адзначыла 75-ю гадавіну Перамогі, а бягучы год аб’яўлены годам малой радзімы. Тым больш, што піянерская дружына школы, як і сама ўстанова адукацыі, носіць імя славутага лётчыка, Героя Савецкага Саюза Мікалая Францавіча Гастэлы.

Выхаванцы зрабілі першыя крокі ў вершаскладанні на тэму Вялікай Айчыннай вайны, крэйдамі намалявалі мірную Беларусь на асфальце, усклалі кветкі да помніка Марату Казею, схадзілі на экскурсію да рэканструяванага помніка Перамогі. Не абмінулі ўвагай і школьны музей, які гасцінна запрасіў прайсці квэст “Пад мірным небам”.

Запамінальнай падзеяй стала наведванне кніжнай выставы ў школьнай бібліятэцы, прысвечанай Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Школьнікі ўзброіліся запасам выдатнай літаратуры на лета і яшчэ больш даведаліся пра подзвігі юных герояў-антыфашыстаў. Узгадвалі выхаванцы і пра наведванне музея Вялікай Айчыннай вайны, з якім школа актыўна супрацоўнічала на працягу ўсяго навучальнага года, дзяліліся ўражаннямі і перажываннямі.

Сем’і маленькіх чытачоў таксама багатыя на ўспаміны герояў вялікай вайны. Так, Стэфанія Студэнт прэзентавала сямейны дакументальны фільм “Якою цаной заваявана шчасце?”, дзе галоўныя героі – яе прадзед Павел Фёдаравіч Шантрукоў і прабабка Любоў Мікалаеўна Смірнова – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

Завяршаецца першая змена школьнага аздараўленчага летніка – насычаная, шматпланавая, ідэйная. Але не стрымаць (дый не трэба!) дапытлівасць і ініцыятыўнасць маленькіх даследчыкаў роднай зямлі, якія збяруць летам неабходныя сілы і пазітыўны настрой для далейшага падарожжа па Бацькаўшчыне.

Галіна СТРАЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий