Сем навучэнцаў гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы працуюць і адпачываюць у аздараўленчым лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем “Сем вятроў”.
У сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Ханчыцы-Нёман” юныя памочнікі займаюцца праполкай рэдкай для нашай краіны культуры – сільфіі пранзеналіснай. У Гродзенскай вобласці гэта пакуль адзіны эксперыментальны ўчастак, дзе вырошчваюць гэтую дзіўную расліну.
Выхаванцы лагера не толькі добра працуюць, але і пашыраюць свой кругагляд, знаёмяцца з новымі прафесіямі і даведваюцца шмат цікавага. Так, напрыклад, ад брыгадзіра вытворчай брыгады ў раслінаводстве сельгаспрадпрыемства яны даведаліся, што сільфія працяталісная – гэта шматгадовая кармавая культура з роду сіласна-сянажных з вельмі вялікім ураджаем зялёнай масы. Яна вырастае да чатырох метраў у вышыню. У гэтым годзе культуру неабходна толькі праполваць, а ў наступным збяруць першыя насенне. Стаўленне да расліны асаблівае, хлопцы і дзяўчаты гэта разумеюць, таму працу выконваюць якасна і акуратна. Назіраючы за дзеяннямі выхаванцаў, можна ўбачыць, з якой асцярожнасцю і клопатам яны ставяцца да працоўнага даручэння: беражліва выдаляюць пустазелле паблізу расліны і пад ім.
Добра папрацаваўшы ў першай палове дня, юныя памочнікі адпраўляюцца на абед і за новымі ўражаннямі. Кожны дзень іх чакаюць цікавыя і разнастайныя мерапрыемствы: спартыўныя гульні, экскурсіі, сустрэчы, майстар-класы, конкурсы. Па выніках дзейнасці вядзецца ўлік індывідуальных дасягненняў у выглядзе табліцы “Мы – актывісты”, штодня падводзяцца вынікі. Выхаванцам, якія праявілі працавітасць, ініцыятыву, творчасць, знаходлівасць выдаецца значок “Актывіст”. Па заканчэнні змены будуць вызначаны самыя творчыя, актыўныя і старанныя, яны будуць узнагароджаны граматамі.
Гульнявая ідэя змены заключаецца ў пераўвасабленнях удзельнікаў праекта ў пасажыраў экспрэс-цягніка, які ажыццяўляе рух па вызначаным маршруце. У ходзе падарожжа экспрэс-цягнік прыпыняецца на тэматычных станцыях, дзе пасажыраў чакаюць розныя адкрыцці, знаёмствы, выпрабаванні. Канчатковым вынікам падарожжа з’яўляюцца фота- і відэарэпартажы. Сваімі навінамі юнакі і дзяўчаты з задавальненнем дзеляцца ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, куды штодня змяшчаюць самыя яркія моманты лагернай змены.
Таццяна ТРАХІМІК,
старэйшы выхавальнік аздараўленчага лагера працы і адпачынку
“Сем вятроў” гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы