У аздараўленчым лагеры “Сонейка” Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна прайшоў дзень здароўя. На працягу ўсяго дня мы праводзілі розныя мерапрыемствы, накіраваныя на аздараўленне дзяцей, гаварылі з дзецьмі пра асабістую гігіену, гігіену харчавання, карысць вітамінаў, якія ўтрымліваюцца ў садавіне і гародніне, пра карысць заняткаў фізічнай культурай і спортам.
Для больш паспяховага замацавання ведаў пра здаровы лад жыцця гутаркі і мерапрыемствы праводзіліся ў гульнявой форме. На прагулцы, як найбольш эфектыўным выглядзе адпачынку, дзеці здзейснілі экскурсію па сцежцы “Здаровы лад жыцця”, дзе хадзілі па розных станцыях з перашкодамі. А пасля сну была бадзёрая гімнастыка з элементамі загартоўвання. Потым дзеці з задавальненнем гулялі ў сюжэтна-ролевыя гульні “Я захварэў”, “На прыёме ў педыятра”, “Дапамажыце мне хутчэй”.
Падчас спартыўнага мерапрыемства “Хутчэй, вышэй, мацней” дзеці сапернічалі ў камандных спаборніцтвах на сілу і вынослівасць, шпаркасць і каардынацыю рухаў. Падчас спартыўных эстафет дзеці паказалі свае ўменні і навыкі ў скакучасці, спрыце, шпаркасці. Усе ўдзельнікі атрымалі масу станоўчых эмоцый і радасны настрой ад сумеснай гульні.
На мерапрыемстве “Беражы здароўе з дзяцінства” мы з рабятамі шмат разважалі пра тое, навошта чалавек есць, пра тое, што ежа патрэбна чалавеку, як карані дрэву. Разгледзелі на слайдах, як сілкуюцца розныя жывёлы і як правільна адбываецца харчаванне ў чалавека. Хлопчыкі і дзяўчынкі адгадалі загадкі пра прадукты, якія мы спажываем. Успомнілі малочныя прадукты, пагуляўшы ў гульню “Ану, угадай!” (называеш малочны прадукт, а сусед – іншы малочны прадукт: усяго ўспомнілі 15 прадуктаў). Дзеці зрабілі выснову, што харчаванне павінна быць умераным і разнастайным. На працягу мерапрыемства даведаліся пра важныя рэчывы ў прадуктах, адгадалі крыжаванку пра вітаміны. Дзеці працавалі ў парах, збіралі прыказкі і вызначалі карысныя прадукты.
У канцы мерапрыемства сфармулявалі “Залатыя правілы харчавання”, якія запісалі ў памяткі і аднеслі бацькам. А потым на свежым паветры прайшоў конкурс малюнкаў “Белым мелам на асфальце”, дзе яны стварылі малюнкі, прысвечаныя здароваму ладу жыцця.
Дзень прайшоў на адным дыханні – усё разыходзіліся ў добрым настроі, атрымаўшы зарад бадзёрасці і энергіі і, вядома ж, шмат карыснай інфармацыі.
Ірына СЕМСЯ,
выхавальнік