У самы разгар лета, напрыканцы ліпеня, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы адбыўся конкурс творчых пабудоў з пяску “Пясочныя фантазіі”.
У гульні з пяском дзеці адчувалі сябе сапраўдным чараўнікамі, гаспадарамі свайго маленькага свету, з’яўляліся рэжысёрамі і аўтарамі сваёй казкі.
Для дашкольнага ўзросту характэрна наглядна-дзейснае і наглядна-вобразнае мысленне. Дзеці “мысляць” рукамі: не столькі разважаюць, колькі непасрэдна дзейнічаюць. Пазнанне навакольнага свету грунтуецца на самай блізкай для дзіцяці дзейнасці – гульні. А што можа быць цікавей і бліжэй чым гульня з пяском? Пясок – звычайны, паўсядзённы і ў той жа час незвычайна прыемны матэрыял. Дзеянні з ім (гульні, маляванне, аплікацыі, эксперыментаванне і г.д.) вельмі важныя для развіцця дзіцяці, бо гэта развіццё тактыльных адчуванняў, дробнай маторыкі рук, мовы і мыслення, творчага патэнцыялу. Займаючыся такой дзейнасцю, дзеці маюць магчымасць бачыць і ацэньваць вынік сваёй працы.
Матэрыялу для творчых работ было шмат. Па ўмовах конкурсу пабудовы можна было дапаўняць разнастайным матэрыялам, у тым ліку і прыродным. Абмежаванняў у выбары тэмы не было. Выхавальнікі і дашкаляты фантазіравалі на тэмы знаёмых казак, мора, стваралі скульптуры і сюжэты.
Гульні з пяском далі дзецям магчымасць акунуцца ў свет сваіх фантазій, вызваліцца ад “лішняй” энергіі. Добра вядома, што пясок валодае ўласцівасцю зняцця негатыўнай псіхічнай энергіі і спрыяе ўраўнаважванню псіхаэмацыйнага стану дзіцяці.
Кожная пабудова была ўнікальнай! І ўсе групы атрымалі перамогу ў розных намінацыях. Нават самыя маленькія выхаванцы нашай дашкольнай установы “пахваліліся” сваімі першымі ўменнямі ў стварэнні пабудоў з пяску “Мы таксама будуем!”.
Таццяна КАРАВАЙЧЫК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД № 1 Зэльвы