Лета – выдатная пара для падарожжаў. Здзейсніць незвычайнае падарожжа гэтым летам навучэнцам сярэдняй школы № 5 Навагрудка прапанаваў клуб “Зялёная карта”. Любы жадаючы мог стаць актыўным удзельнікам цікавага і пазнавальнага завочнага падарожжа па Беларусі.
У першы дзень члены клуба распрацавалі адзіны маршрут падарожжа. Другі дзень запомніўся наведваннем Белавежскай пушчы. З вышыні птушынага палёту навучэнцы змаглі паназіраць за жыццём зуброў, зазірнуць у самыя запаведныя месцы пушчы. Белавежская пушча – дзівосная загадка нашай краіны, разгадваць якую можна бясконца. У гэтым яе ўнікальнасць, непаўторнасць, прыцягальнасць.
На трэці дзень юныя падарожнікі адправіліся ў эрудыт-круіз па гарадах Беларусі.Удзельнікі круізу спыняліся ў “гаванях”, дзе ўдзельнічалі ў віктарынах і гульнях “Гэта цікава”, “Старажытныя гарады” і іншых. Падчас круізу ўвесь час гучалі беларускія песні.
Удзельнікам клуба спадабалася экскурсія на трамвайчыку па вуліцах і завулках нашай сталіцы “Слаўны горад Мінск, горад цудоўны, старажытны…”. Навучэнцы пабачылі шмат цікавага, спыняючыся ў самых знакамітых месцах мегаполіса.
Напрыканцы падарожжа ўдзельнікі клуба прапанавалі свой топ-10 славутасцей Беларусі, якія абавязкова неабходна наведаць гасцям нашай краіны. Бо Беларусь – цудоўная краіна, якая заўсёды знойдзе чым зацікавіць нават самага заўзятага вандроўніка.
Клуб “Зялёная карта” у гэтым годзе завяршыў сваю працу. Але навучэнцы ўжо пачалі распрацоўваць новы маршрут для аматараў падарожнічаць. Хто з намі?
Аксана БОРЫС,
настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 5 Навагрудка