Лета – час, калі можна паўнавартасна адпачыць ад навучальных абавязкаў, штодзённай мітусні, ранішняга ўздыму. Дзе яшчэ школьнік адчуе сябе разняволеным і незалежным, як не ў перыяд канікул у лагеры?! Тут не трэба хвалявацца, што цябе выклічуць да дошкі, паставяць дрэнную адзнаку, запатрабуюць дзённік, а потым дома – бацькоўская разборка.
У работу лагера “Вясёлка” уключаныя рознапланавыя мерапрыемствы, якія дазваляюць выхаванцам не толькі праявіць актыўнасць, але і атрымаць дадатковыя веды ў розных галінах. Нідзе так не раскрываецца дзіця, як у гульнях. “Каляровы светлафор”, “Трэці лішні”, “Ручаёк”, “Пярсцёнак” і іншыя рухомыя гульні выхоўваюць дух саперніцтва, вучаць дзяцей працаваць у камандзе, сябраваць, суперажываць, ісці на дапамогу без аглядкі, вучыцца перамагаць і прайграваць.
Выхавальнікі выбіраюць цікавыя формы правядзення мерапрыемстваў, дзецям падабаюцца віктарыны, квесты. З цікавасцю наведваюць аб’яднанне “Юны турыст”, дзе вучацца вязаць вузлы, ставіць палаткі, арыентавацца на мясцовасці.
Мы стараемся ўцягнуць рабят у назіранне за прыродай, а гэта стала для нас магчымым праз працу на прышкольным участку. Спакойна, ненадакучліва мы прапанавалі дзецям унесці свой уклад у догляд за прышкольнай тэрыторыяй. Асаблівую радасць і гонар выклікае імгненны і відавочны вынік, бо тэрыторыя мяняецца на вачах, а клумбы радуюць сваім цвіценнем.
Умацоўвае здароўе выхаванцаў знаходжанне на свежым паветры і здаровае харчаванне. Меню складзена ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі дзяцей, штодня яны атрымліваюць садавіну, сокі, праводзіцца вітамінізацыя.
У сувязі з магчымай пагрозай здароўю ад COVID-19 у лагеры выконваюцца ўсе неабходныя меры засцярогі. Дзеці большую частку часу знаходзяцца на вуліцы, што дазваляе забяспечыць пастаяннае праветрыванне атрадных пакояў. Трохразовае вільготнае ўбіранне, дэзінфекаванне паверхняў, тэрмаметрыя, кантроль за станам здароўя і ранішняе апытанне выхаванцаў дазваляе максімальна знізіць рызыку рэспіраторных захворванняў. Вялікая ўвага надаецца дыстанцыяванні пры прыёме ежы дзяцей з розных атрадаў, выхаваўчыя мерапрыемствы праводзяцца на розных тэрыторыях, што не дазваляе атрадам перасякацца. Адным з важных момантаў з’яўляецца гігіена рук. Варта адзначыць, што ў лагеры ёсць усе неабходныя сродкі (вадкае мыла, дэзсродкі, папяровыя ручнікі і г.д.) для забеспячэння якаснага мыцця і апрацоўкі рук выхаванцаў і работнікаў лагера.
Спадзяёмся, набытыя на працягу летняй лагернай змены творчыя здольнасці, навыкі і ўменні дзеці эфектыўна перанясуць на навучальную дзейнасць, у паўсядзённае жыццё, дасягаючы вялікіх поспехаў.
Святлана СТАНУЛЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Студзёнкаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Сенненскага раёна