З 3 па 26 жніўня на базе сярэдняй школы г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага раёна дзейнічаў летні аздараўленчы лагер “Палітра”. Яго змена працавала па праекце “Вясёлы турыст” і ўключала мерапрыемствы, якія дазволілі дзецям не толькі даведацца пра існаванне цікавых мясцін, іх асаблівасці і жыхароў, але і адчуць сябе ў новых для сябе ўмовах і абставінах.
Так, на Прывале Падарожнікаў юныя “турысты” віртуальна пабывалі ў мясцінах, дзе за апошняе дзесяцігоддзе адбываліся стыхійныя бедствы. З дапамогай слівы вывучылі ўнутраную будову Зямлі, стварылі мадэлі землятрусу і вулкана з цацак, дзіцячых кубікаў і пяску.
На Прывале Гістарычным (які быў прыўрочаны да Года малой радзімы і Дня археолагаў) дзецям, як сапраўдным археолагам, давялося шукаць і раскопваць старадаўнія прылады для пісьма – пёры і чарніла, якімі затым, ужо ў ролі старадаўніх летапісцаў, пісалі свае летапісы на спецыяльных скрутках. Тады ж дзеці ажыццявілі віртуальнае падарожжа ў сучасны і старадаўні Ваўкавыск.
На уроках чараўніцтва “У свеце законаў прыроды” юным турыстам давялося ўбачыць вясёлку не толькі ў небе ці на малюнку, але і ў талерцы (эксперымент з каляровымі цукеркамі), і на столі (падман зроку). Тады ж дзеці даведаліся, чаму паветраныя шары з геліем ляцяць уверх і як уваткнуць у шарык іголку, каб ён не лопнуў.
Амаль усе мерапрыемствы былі накіраваныя на развіццё пазнавальнай цікавасці, чытацкай актыўнасці і на экалагічнае выхаванне. Шмат было мерапрыемстваў, якія вучылі дзяцей не толькі ведаць, але і хвалявацца, спачуваць і шкадаваць. Для дасягнення гэтай мэты выкарыстоўваліся розныя формы педагагічнага ўздзеяння і сучасныя тэхнічныя сродкі. Так, абмяркоўваючы лёс бяздомных жывёл, дзеці глядзелі сацыяльныя відэаролікі і прыціскалі да грудзей цацачных коцікаў і сабачак. А на апошнім канцэрце “Развітальны карагод” выхавальнікі пад гучанне вершаў дзяліліся часцінкамі свайго сардэчнага цяпла – маленькімі агеньчыкамі.
18 дзён змены пранесліся ў адно імгненне. І дзецям, і выхавальнікам было шкада развітвацца. Але мы ўпэўненыя, што і будучым летам “Палітра” прыветліва расчыніць свае дзверы, а “Вясёлы турыст” распачне новае, яшчэ больш цікавае і пазнавальнае падарожжа.
Настасся САМУШЧЫК,
педагог-арганізатар лагера “Палітра”
сярэдняй школы г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага раёна