За здаровы лад жыцця!

- 16:04БРЕСТЧИНА, Регионы

 

У рамках рэалізацыі комплексу карэкцыйных медыка-гігіенічных мерапрыемстваў “Здаровы дзіцячы сад” у нашай установе прайшоў тыдзень спорту і здароўя.

Педагогі разам са спецыялістамі Ганцавіцкага раённага ЦГіЭ А.М.Муха і А.В.Рымар прыклалі шмат намаганняў, каб запланаваныя мерапрыемствы былі напоўненыя новымі ведамі і яркімі ўражаннямі. Так, спецыялісты цэнтра на групавых бацькоўскіх сходах расказалі іх удзельнікам пра важнасць прышчэпак, асаблівасці фарміравання імунітэту, прафілактыку прастудных захворванняў і інш.

           

Тыдзень праходзіў пад агульным дэвізам “Мы за здаровы лад жыцця”, але кожнаму дню адпавядаў свой дэвіз. Мерапрыемствы ўключалі аздараўленчую, пальчыкавую і дыхальную гімнастыку, гімнастыку плоскаступнёвасці і інш. Ладзіліся гутаркі “Для чаго неабходна зарадка”, “Значэнне фізкультурных заняткаў для захавання здароўя”, “Я і маё здароўе”, “Што мы робім, каб быць здаровымі” і інш.

Выхаванцы з вялікім задавальненнем глядзелі мультфільмы на спартыўную тэматыку, развучвалі песні, гулялі ў рухавыя і спартыўныя гульні, удзельнічалі ў розных эстафетах. Даволі цікавымі атрымаліся забавы “Мы на луг пойдзем гуляць”, “Вясёлыя гульні для дружных дзяцей”, “Футбол – выдатная гульня”.

Для педагогаўправодзіліся заняткі ў фітнес-клубе “ПоЗиТиF”.

         

На сайце дашкольнай установы педагог-псіхолаг Л.І.Кнурэнка, настаўнік-дэфектолаг Ю.А.Рабцэвіч, музычны кіраўнік Н.І.Жыгун і кіраўнікі фізічнага выхавання Я.С.Бабко і Л.А.Цішчанка размясцілі кансультацыі для бацькоў. У музычна-спартыўнай зале была аформлена выстава дзіцячых малюнкаў і фотаздымкаў “Куток здароўя”.

Разам з выхаванцамі ў спартыўных мерапрыемствах актыўна ўдзельнічалі і педагогі. Так, кіраўнікі фізвыхавання зладзілі для калег дзень здароўя, які ўключаў камандную эстафету. Самай вынослівай і хуткай стала І.В.Плакса, лепшым скакуном прызнана Н.І.Жыгун, самай трапнай – Г.Р.Курылік. Дзень здароўя падарыў шмат станоўчых эмоцый, зарад бадзёрасці і добрага настрою не толькі педагогам, але і дзецям-балельшчыкам.

У дзень здароўя для дашкольнікаў “Па здароўе ў дзіцячы сад” да іх завіталі казачныя персанажы, якія прапанавалі цікавыя заданні, гульні і эстафеты. 

     

У рамках тыдня адбылася акцыя “Мы выбіраем здаровы лад жыцця”, падчас якой педагогі і дзеці раздавалі інфармацыйныя лістоўкі бацькам.

У апошні дзень “За здароўем сачы рэгулярна, быць здаровым заўжды папулярна!” былі падведзены вынікі тэматычнага тыдня. Лепшыя ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі.

Работа педагогаў па прапагандзе здаровага ладу жыцця не абмяжоўваецца толькі тэматычнымі тыднямі. На працягу года выхавальнікі фарміруюць у дзяцей карысныя ўменні і навыкі, вучаць пераадольваць шкодныя звычкі. 

Мы вельмі ўдзячныя бацькам за актыўны ўдзел у дзетсадаўскіх мерапрыемствах. Толькі сумеснымі намаганнямі можна захаваць і ўмацаваць здароўе дзяцей.

Яўгенія БАБКО,
Людміла ЦІШЧАНКА,
кіраўнікі фізічнага выхавання
ясляў-сада № 4 Ганцавіч

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий