У Дзень маці, выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку Смаргонскага СПЦ з нецярпеннем чакалі сваіх мам. Загадзя вывучылі прыгожыя вершы, падрыхтавалі прыгожыя букеты з восеньскіх кветак і садавіны.
Адзін хлапчук вельмі перажываў, што прыйдзецца затрымацца ў школе і ён не зможа асабіста павіншаваць маму, таму з дадатковых заняткаў яго адпрасілі.
Любоў да маці ўласцівая кожнаму, але дзеці прытулку асабліва перажываюць, ці прыйдзе іх мама на свята, і адразу з твару спадае напружанне, калі на парозе з’яўляецца знаёмы родны сілуэт. На гэты раз прыйшлі ўсе!
Мамы як правіла не чакаюць ад дзяцей дарагіх падарункаў, а рады увазе і цёплым словам, яны доўга яшчэ прыціскаюць да грудзей самаробныя паштоўкі, дзе яшчэ няўмелым почыркам выведзеныя словы любові.
Падчас танца і гульняў дзеці зазіраюць у шчаслівыя вочы мамы, і ў гэты кранальны момант хочацца верыць, што няма нічога мацней, чым матчына любоў, і што дзеці вернуцца ў свае сем’і і іх сумеснае жыццё яшчэ падорыць тысячы такіх радасных момантаў. Так хочацца пажадаць маці выхаванцаў, каб не пацьмянелі іх вочы, а натхненне, атрыманае ад свята, дапамагло на шляху да выпраўлення.
Ларыса ТАТАРЫНАВА,
дырэктар Смаргонскага СПЦ