У старэйшай групе ясляў-сада № 10 Навагрудка шмат увагі надаецца экалагічнаму выхаванню. У працэсе назіранняў, гутарак, гульнявой дзейнасці, чытання мастацкай літаратуры ў дзяцей развіваецца цікавасць да хатніх і дзікіх жывёл, птушак, фарміруецца сістэма экалагічных ведаў і ўяўленняў.
Для замацавання ведаў пра прыроду выхавальнікі групы сваімі рукамі змайстравалі бізібук “Падарожжа па экалагічнай сцежцы”. Бізібук – гэта развіваючая кніга на ліпучках, якая зможа захапіць нават самае няўседлівае дзіця. У кнізе сабрана некалькі гульняў па экалагічным выхаванні, якія дазволяць замацаваць уяўленні дзяцей пра жывёл поўначы і гарачых краін, дзікіх і хатніх жывёл, іх дзіцянят, асяроддзе пражывання, харчаванне. Гульнявы матэрыял уключае ў сябе гульні для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту “Чыя мама, чый малыш?”, “Хто схаваўся за ценем?”, “Хто чым харчуецца?”, “Харчовыя ланцужкі”, “Хто на поўначы жыве?”, “Будзь прыродзе сябрам” і інш.
Бізібук мае шэраг пераваг у параўнанні з іншымі гульнямі: ён шматфункцыянальны і варыятыўны, лёгка выкарыстоўваецца як для сумеснай дзейнасці дарослага і дзяцей або групы дзяцей, так і для самастойнай дзейнасці, не патрабуе спецыяльнага абсталявання і дадатковага месца.
Выкарыстоўваючы бізібук у працы, мы не толькі абагульняем веды, развіваем гаворку і дробную маторыку дзяцей, але і даведваемся, якія раздзелы па экалагічным выхаванні даюцца дзіцяці лягчэй за ўсё, а на якія трэба будзе звярнуць увагу.
Таццяна РАДЗІЕЎСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада № 10 Навагрудка