Падарожжа ў Дудуткі

- 15:05ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Настаўнікі нашай установы любяць падарожнічаць па прыгожых і самабытных куточках Беларусі. Шмат дзе ўжо пабывалі. Гэта Нясвіж і Мір, Будслаў і Мосар, Навагрудак і фантастычная Літоўка, Дукорскі маёнтак з незвычайным “перавернутым домам”… А ў мінулую суботу мы зноў адправіліся ў чарговае падарожжа.

         

На гэты раз была замоўлена экскурсія ў музейным комплексе старажытных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”. Мы нават не маглі ўявіць сабе, наколькі будзе захапляльным наша падарожжа ў свет старадаўняга быту і прафесій.

Адразу ж на ўваходзе на тэрыторыю музейнага комплексу нас сустрэла прыемнай усмешкай жанчына, экскурсавод Вера. І хаця на двары імгліў восеньскі дождж і было пахмурна, ад прыветлівай усмешкі Веры нам усім адразу стала вельмі ўтульна і камфортна. Вера расказвала і паказвала нам усё самае цікавае ў кожнай майстэрні, запрашаючы ўсіх жадаючых прыняць удзел у вырабах розных рэчаў.

Адразу мы патрапілі на балота, дзе пазнаёміліся з тэхналогіяй самагонаварэння (бровар). Затым наведалі ганчарную майстэрню. Затрымаўшы дыханне, як зачараваныя, мы назіралі за працай ганчара, які за некалькі хвілін з куска гліны зрабіў цудоўную вазу. У наступнай майстэрні ў нас разбягаліся вочы ад разнастайных вырабаў з саломы. Гэта сапраўдныя шэдэўры! І ні адной аднолькавай рэчы!

А ў майстэрні па ткацтве, убачыўшы ткацкі станок (кросны), многія з нас успомнілі сваё дзяцінства: нашы бабулі таксама ткалі. Вельмі прыемна, што сягоння ёсць такія людзі, якія захоўваюць і прадаўжаюць традыцыі нашых продкаў.

         

Нікога не пакинуў абыякавым агляд аўтарэтратэхнікі. У хлебапякарні пасля цікавага аповеду экскурсавода нас пачаставалі печаным хлебам, вельмі прыемнымі і смачнымі сырамі і цудоўнай гарачай гарбатай з траў. А напрыканцы экскурсіі, якая была вельмі цікавай, захапляльнай і з гумарам, не гледзячы на дождж, мы з задавальненнем пакаталіся на брычцы.

Развітаўшыся з нашым цудоўным экскурсаводам, мы яшчэ доўга хадзілі па тэрыторыі музейнага комплексу, любаваліся непаўторнымі вырабамі майстроў. Было адчуванне, быццам самі акунуліся ў свет даўніны.

Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий