У рамках марафона педагагічных ідэй “Эканоміка і дзеці” выхавальнікі Гезгалаўскага ясляў-сада Дзятлаўскага раёна падзяліліся эфектыўнымі метадамі і прыёмамі работы па фарміраванні асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту.
Як зразумела данесці дашкольнікам эканамічныя паняцці “сямейны бюджэт”, “даход і расход”, “патрэбы сям’і”? Як сфарміраваць уяўленні пра грошы і крыніцы даходу? Як выхаваць у дзяцей эканамічна значныя якасці: беражлівасць, адказнасць, прадпрымальнасць? Менавіта гэтыя пытанні абмяркоўваліся падчас марафона педагагічных ідэй.
У ходзе мерапрыемства педагогі гаварылі пра магчымасці сюжэтна-ролевых гульняў “Сям’я”,“Супермаркет”, “Банк”, “Турагенцтва” у фарміраванні эканамічных паняццяў “выгадна – не выгадна”, “дорага – танна”, “хачу – патрэбна”.
Выхавальнік І.У.Красоўская прадставіла калегам зробленыя ёю атрыбуты да сюжэтна-ролевай гульні “Беларусбанк”: кассу, банкамат, ляльку-касіра, грошы розных краін. Педагог адзначыла, што, гуляючы, дзеці даведваюцца пра тое, як выглядаюць грошы, пра іх каштоўнасць, спосабы атрымання, месцы захоўвання.
Выхавальнікі М.І.Басай і Н.Ч.Кульбей падзяліліся вопытам выкарыстання дыдактычных гульняў “Падарункі”, “Сямейны бюджэт”, “Маленькія пакупкі” і “Цягнічок жаданняў”. Яны прапанавалі прысутным картатэку эканамічных сітуацый, вырашэнне якіх навучыць выхаванцаў вызначаць прычынна-выніковыя сувязі паміж паняццямі “праца”–“прадукт”–“грошы”.
Педагогі групы інтэграванага навучання і выхаванняА.І.Шашко і А.Я.Богінь прэзентавалі пазнавальна-творчы праект “Азбука Берагошы”, які рэалізуецца ў кастрычніку – лістападзе гэтага года. Мэта праекта – выхаваннеў дзяцей навыкаў рацыянальнага і эканомнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў. Для якаснай рэалізацыі праекту з дапамогай бацькоў сабраны наглядна-ілюстрацыйны матэрыял: картасхемы “Прыход вады ў дом”, “Як электрычнасць у дом прыйшла”, мультымедыйныя прэзентацыі “Падарожжа Кропелькі”, “Чароўны агеньчык”, гульні-лабірынты “Знайдзі нявыключаны прыбор”, “Эканом электраэнергію”. Усё гэта дапамагае выхаванцам лепш засвоіць эканамічныя паняцці.
Мы ўпэўненыя, што метадычныя знаходкі педагогаў зробяць працэс фарміравання асноў эканамічнай культуры цікавым, займальным і пазнавальным, а нашы выхаванцы вырастуць руплівымі гаспадарамі сваёй краіны.
Алена ЛУКІЯНЕЦ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Гезгалаўскага ясляў-сада
Дзятлаўскага раёна