Сярод устаноў дашкольнай адукацыі Смаргонскага раёна прайшоў конкурс тэматычных лэпбукаў і рукатворных кніг.
Конкурс праводзіўся ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 80-годдзя раёна, таму і тэматыка работ была адпаведная.
Педагогі праявілі творчыя ідэі ў стварэнні інавацыйных дыдактычных сродкаў, якія прадстаўляюць практычную каштоўнасць і даступныя для выкарыстання ў сумеснай дзейнасці дарослага з дзіцём, а таксама ў самастойнай дзейнасці дзяцей пры арганізацыі гульнявой, пазнавальнай і даследчай актыўнасці выхаванцаў.
Змест прадстаўленых метадычных матэрыялаў – лэпбукаў і рукатворных кніг – знаёміць выхаванцаў з гісторыяй і культурай роднага краю, яго славутасцямі, з прадпрыемствамі горада, народнымі промысламі, прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Па выніках конкурсу ў намінацыі “Лепшы тэматычны лэпбук” пераможцамі сталіяслі-сад № 6 Смаргоні (“Турызм у чамадане”) і яслі-сад № 13 Смаргоні (“Любі і ведай свой край”), якім журы аддала 1-е месца. 2-е месца занялі работы ясляў-сада № 14 Смаргоні (“Добра працаваць – ёсць чым ганарыцца”) і ясляў-сада № 15 Смаргоні (“Люблю свой край, старонку гэту”). На 3-м месцы–яслі-сад № 10 раённага цэнтра (“Прамысловыя прадпрыемствы Смаргоні вывучаем разам з Фіксікамі”), Вішнеўскі яслі-сад – сярэдняя школа (“Любі і ведай свой край”) і Крэўскі яслі-сад – сярэдняя школа” (“Крэва – мая малая Радзіма”).
У намінацыі “Лепшая тэматычная рукатворная кніга”1-е месца заняў яслі-сад № 8 Смаргоні (“Кніга казак”па матывах маляванак Ніны Бохан). 2-е месца паміж сабой падзялілі яслі-сад № 6 Смаргоні (“Любоў да роднага краю скрозь таямніцу старонак”) і Сольскі яслі-сад (“Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”). А 3-е месца прысуджана Смаргонскаму дашкольнаму цэнтру развіцця дзіцяці (“Мой край”).
Вопыт работы педагогаў па выкарыстанні інавацыйных дыдактычных сродкаў навучання будзе прадстаўлены ў метадычнай рабоце з педагогамі дашкольнай адукацыі.
І.М.ШАПУЦЬКО,
метадыст Смаргонскага раённага
вучэбна-метадычнага кабінета