У Шчорсаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе падчас восеньскіх канікул працаваў лагер “Фарбы восені”.
Асноўная місія прышкольнага лагера – арганізацыя вольнага часу дзяцей і іх адпачынку, а значыць, неабходнасць стварыць спрыяльныя ўмовы для ўмацавання здароўя, развіцця творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу, індывідуальных здольнасцей, творчай актыўнасці навучэнцаў.
Так, у перыяд лагернай змены дзецям было прапанавана стаць удзельнікамі займальнага падарожжа, дзе кожны дзень ім адкрывалася нешта новае і цікавае. Кожны з шасці дзён лагера меў сваю тэматыку, дзякуючы чаму дзеці змаглі паўдзельнічаць у розных мерапрыемствах творчага і інтэлектуальнага кірунку. Многім удзельнікам прыйшлася даспадобы майстэрня “Восеньская палітра”, якая працавала ў лагеры. Тут вучні спрабавалі сябе ў рознай творчай працы, атрымоўвалі новыя ўменні і навыкі.
Зразумела, не абыйшлося і без спартыўных спаборніцтваў: спартландыі, гульня ў футбол і піянербол, спартыўныя эстафеты… Ніводнага дня не праходзіла без руху. Праводзіліся як камандныя гульні, так і гульні на асабістае першынство. І ў кожнай падзеі ўдзельнічалі ўсе дзеці без выключэння.
У працэсе рэалізацыі праекта прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 75-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а ў рамках правядзення дабрачыннай акцыі “Пасеялі ў сваім сэрцы дабро” дзеці дапамаглі пажылым людзям ва ўборцы лістоты. Акрамя таго, была праведзеная экскурсія па маёнтках Храптовіча ў аграгарадку Шчорсы.
Праграма аздараўленчага лагера “Фарбы восені” была досыць насычанай. Усе вучні, якія наведвалі лагер, не засталіся абыякавымі і напэўна захаваюць самыя цёплыя ўспаміны пра восеньскія канікулы.
Аляксей ЛЯВОНЕНКА,
дырэктар прышкольнага аздараўленчага
лагера “Фарбы восені”
Шчорсаўскага дзіцячага сада–сярэдняй школы
Навагрудскага раёна