“Курыць не модна, модна не курыць!” –такое меркаванне выказалі навучэнцы сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны ў ходзе акцыі “Мы супраць курэння!”, якая праходзіла з 16 па 19 лістапада. Акцыя прысвечана Міжнароднаму дню адмовы ад курэння, які штогод праводзіцца ў трэці чацвер лістапада.
У першы дзень акцыі навучэнцы 5–11 класаў прынялі ўдзел у запаўненні плаката перакананняў “Цыгарэта – вораг чалавека таму, што…”. На працягу дня кожны з вучняў меў магчымасць напісаць на плакаце свае довады пра шкоду, якую прыносіць згубная звычка. У завяршэнні дня запоўненая довадамі імправізаваная цыгарэта была знішчана валанцёрамі атрада “Алмаз”.
У аўторак, 17 лістапада, старшакласнікі паспаборнічалі ў конкурсе слоганаў супраць курэння “Кто курит табак, тот…”. Найбольш цікавымі і пераканаўчымі былі слоганы навучэнцаў 8 “Б” і 10-га класаў. У гэты ж дзень валанцёры з атрада “Хто, калі не мы” правялі сярод навучэнцаў і педагогаў бліц-апытванне “Маё стаўленне да курэння” ў незвычайнай форме. Рэспандэнтам задавалася пытанне: “Як вы ставіцеся да курэння?” – і прапаноўвалася абраць адзін з варыянтаў адказаў. Пасля адказу на пытанне навучэнцу на запясце павязвалася стужачка пэўнага колеру. Апытванне паказала, што ва ўстанове ёсць навучэнцы, якія спрабавалі курыць. Але большая частка дзяцей ніколі не спрабавалі і не збіраюцца курыць, бо выступаюць за здаровы лад жыцця.
У сераду ўвага навучэнцаў была звернута да выставы-конкурсу калажаў, накіраваных на прыцягненне да вядзення здаровага ладу жыцця “Мы супраць курэння! Мы за ЗЛЖ!”. У гэты ж дзень члены піянерскай арганізацыі нашай школы прынялі ўдзел у раённым конкурсе стыкерпакаў “Мы супраць курэння”.
У Міжнародны дзень адмовы ад курэння пачаткоўцы на перапынках з задавальненнем глядзелі ў інтэрактыўным холе мультфільмы і відэаролікі пра прафілактыку шкодных звычак і важнасць вядзення здаровага ладу жыцця. Валанцёры з атрада “Алмаз” па традыцыі правялі акцыю “Мы вам – конфетку, вы нам – сигаретку”. Падтрымаўшы акцыю, тыя людзі, хто курыць, выкідвалі ў скрыню цыгарэты, дэманструючы тым самым выбар, зроблены на карысць здаровага ладу жыцця. Кожнаму ўдзельніку ў замен уручалася цукерка, а таксама лістоўка “Дзе заканчваюцца правы курцоў?” пра адказнасць за курэнне ў неналежных месцах.
Праведзеныя мерапрыемствы падарылі ўсім шмат уражанняў і дазволілі кожнаму яшчэ раз задумацца пра важнасць вядзення здаровага ладу жыцця.
Таццяна ПАЛАНЕЙЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы аг. Пагранічны
Бераставіцкага раёна
Фота аўтара