Дзеткі і градкі

- 8:42ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

Калі ў дзіцячым садзе ёсць агарод, у дзяцей узнікае магчымасць непасрэднага кантакту з аб’ектамі прыроды. Яны могуць назіраць за развіццём раслін, запамінаць іх назвы, адзначаць характэрныя прыкметы, набываць навыкі паліву і догляду, усведамляць ролю прыроды ў жыцці чалавека.

Акрамя таго, гэта пасільная сумесная праца дзяцей, якая вучыць адказнасці, спрыяе аб’яднанню дзіцячага калектыву, захаванню і ўмацаванню здароўя дзяцей. І самае галоўнае: агарод у дзіцячым садзе – гэта яшчэ і магчымасць бачыць вынікі сваёй працы.

На нашым агародзе дзеці сумесна з выхавальнікамі Святланай Басінай, Таццянай Петрачэнка і Алай Прытычэнка пасадзілі кроп, салату, моркву, буракі, цыбулю, пятрушку, гарох. А яшчэ і памідоры розных відаў: “Алька”, “Бычынае сэрца”, “Вялікая матуля”, “Хурма” і “Ружовы лядзяш”.

У працэсе назіранняў і працы дзеткі даведаліся, што рост і развіццё раслін залежаць не толькі ад сонечнага святла, цяпла, вільгаці, глебы, але і ад догляду. Мы вучым дзяцей паліваць расліны, рыхліць і праполваць іх, тлумачым, для чаго гэта трэба рабіць. Таксама вучым адрозніваць культурныя расліны ад пустазелля. Працуючы на агародзе і ў кветніку вясной і летам, дзеці атрымліваюць элементарныя ўяўленні пра вырошчванне раслін з насення.

 

Такая пастаянная дзейнасць стала метадам экалагічнага выхавання. Дзеці прывучаюцца сістэматычна думаць і рэальна клапаціцца пра расліны, якія знаходзяцца ў адной жыццёвай прасторы з імі.

Праца ў прыродзе дазваляе дзіцяці ўбачыць вынік сваёй дапамогі жывому, спрыяе развіццю спагады, суперажывання жывым істотам. Такім чынам, агарод у дзіцячым садзе аказвае вялікі ўплыў на гарманічнае развіццё дзяцей.

Наталля ЛУК’ЯНЕНКА,
супрацоўнік дзіцячага сада № 3 Кармы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий