Ціха падаў пухнатымі сняжынкамі снег. Ярка свяцілі зімнія зоркі, месяц у поўні глядзеў на свет круглым жоўтым вокам. Ліхтары, акружаныя снежным пылам, наводзілі на казачны лад. Рэдка праязджалі машыны, у многіх вокнах ужо не гарэла святло. Андрэй падышоў да акна, усміхнуўся, сеў у крэсла, уважліва паглядзеў на спячы горад і закурыў. Затым патушыў цыгарэту, уладкаваўся ямчэй і паціху стаў пагружацца ў дрымоту.
Мінуў толькі год з таго моманту, як Андрэй сустрэў сваю Аксану… Так, менавіта каля года таму, пасля разводу з жонкай, ён пераехаў сюды, у гэты горад, каб пачаць усё з чыстага ліста. Праблем з працаўладкаваннем у яго, вопытнага выкладчыка, асабліва не ўзнікла. У першы ж дзень выхаду на працу ён і сустрэў яе, дзяўчыну, якая змяніла яго жыццё так, як ён сам нават не мог і ўявіць. Аксана была ўжо трэццякурсніцай. Яе зялёныя вочы, капа доўгіх рудых валасоў і цалкам арыгінальныя погляды на жыццё проста зачаравалі яго. І ён, сталы ўжо мужчына, закахаўся, як хлапчук. Але самае цудоўнае было тое, што Аксана адказала яму ўзаемнасцю. Нягледзячы на амаль дзесяцігадовую розніцу ва ўзросце, плёткі і скосыя позіркі, яны сталі сустракацца. Усе адчуванні, пачуцці, эмоцыі былі іншымі, зусім не падобнымі на ранейшыя. А ён за пражытыя гады пабачыў і выпрабаваў нямала.
Андрэй карыстаўся поспехам у жанчын. Але з той пары, як сустрэў Аксану, нікога, акрамя яе, не заўважаў. Яна стала для яго адзінай… Ён сам сумеўся, калі раптам усвядоміў, наколькі моцна яе пакахаў. Пакахаў да ашаламлення, да страты пульсу і спынення дыхання. Ён, вопытны мужчына, які ведаў жанчын, быў у шлюбе, кахаў гэтае дзяўчо так моцна, безразважна, што самому станавілася страшна.
Праз два месяцы пасля іх знаёмства Аксана пераехала да яго. Побач з ёй жыццё стала яркім, насычаным. Аксана здзіўляла яго сваёй непасрэднасцю, імпульсіўнасцю ўчынкаў. Ніколі немагчыма было прадбачыць, што яна зараз зробіць або скажа. Яна магла як прыгатаваць незвычайную страву на вячэру, так і за гадзіну да прэм’еры сказаць, што ў іх квіткі ў тэатр. На навагоднія святы яна запаліла яго ідэяй паехаць у аграсядзібу ў вясковай глыбінцы. Новы Год яны сустрэлі ўдваіх пад сапраўднай елкай у заснежаным лесе. Гэта было настолькі казачна і рамантычна, што Андрэй і цяпер з хваляваннем успамінае тую незабыўную ноч. Таму ён ніколі і не разважаў, паддаючыся чарговай прыдумцы, а яе запал і непрадказальнасць зачароўвалі яго яшчэ больш.
Аксана настолькі ўвайшла ў жыццё Андрэя, што ён ужо проста не мог уявіць сябе без яе. Але прызнацца ў каханні яму ўсё яшчэ не ставала рашучасці, штосьці незразумелае яго стрымлівала.
– Затое хапала духу мучыць яе сваёй рэўнасцю, – Андрэй расплюшчыў вочы і закурыў наступную цыгарэту. – Якім жа я быў дурнем! – думаў ён, зноў аддаючыся ўспамінам.
Андрэя стала мучыць рэўнасць, калі ён усвядоміў, што каханне да Аксаны і ёсць сэнс яго жыцця. Што яна менавіта тая яго палавінка, якую ён так доўга шукаў. Ён не мог бачыць яе побач з іншымі хлопцамі. Яму чамусьці здавалася, што з чарговым аднакурснікам яе звязвае нешта большае, чым проста сяброўскія адносіны. Усе гэтыя думкі не давалі яму спакойна жыць. Бо ён нават не ўяўляў, што будзе, калі яна раптам пакіне яго. Аксана ж смяялася над гэтымі здагадкамі і казала, што, акрамя яго аднаго, ёй ніхто не патрэбны.
Андрэй страпянуўся пры ўспаміне аб тым, як яна прызналася яму ў каханні. Яны гулялі па начным горадзе, які ўвесь ззяў святочнымі агнямі. Толькі надвор’е стаяла хутчэй восеньскае, чым зімовае. Таму раптоўны снег, што пасыпаўся на галовы гараджан, стаў сапраўднай нечаканасцю. І хоць сняжынкі імгненна раставалі на цёплым асфальце, не залюбавацца гэтай прыроднай карцінай было проста немагчыма. Вось тады яна і загаварыла, загаварыла аб тым, як моцна кахае яго і што хоча пражыць з ім побач усё сваё жыццё. Зваротныя пачуцці перапаўнялі Андрэя, але ён толькі моўчкі слухаў яе, нібы нейкі бар’ер перашкаджаў яму зрабіць прызнанне.
А потым яны пасварыліся. І зноў з-за яго дурной рэўнасці…
– Андрэй, зразумей, я не лялька! І не магу быць тваёй уласнасцю! Прабач, але я ад усяго гэтага вельмі стамілася, – ціха сказала яна і стала збіраць рэчы.
Ён доўга прасіў прабачэння, але яна з’ехала. З’ехала да бацькоў у раённы гарадок. Сказала, што ёй неабходна падумаць і разабрацца ў сабе. Вось тады яму і стала дрэнна. Ён не знаходзіў сабе месца, стаў безуважлівым і раздражняльным. Стараўся як мага менш часу знаходзіцца дома, дзе кожная дробязь цяпер так ці інакш нагадвала пра яе. Але ўсё роўна не перастаючы думаў толькі пра тое, як яе вярнуць.
Званок у дзверы вырваў Андрэя з мяккіх лап напаўсну. Яму зноў мроілася Аксана. Сэрца сціснулася ад ныючага болю. Горш не было таго, калі ён прачынаўся і зноў разумеў, што яе няма побач. Андрэй раптам усвядоміў, што сядзіць у крэсле ўжо больш за дзве гадзіны і за гэты час выкурыў амаль паўпачака цыгарэт.
У дзверы зноў настойліва пазванілі.
– Дзіўна, каго магло прынесці сярод ночы? – падумаў ён, пасля чаго марудна ўстаў, падышоў да дзвярэй і адкрыў іх.
Рудавалосая дзяўчына, быццам тая маланка, кінулася да Андрэя і тут жа моцна абняла яго. У гэты момант, момант, калі яго сэрца зноў забілася ў шалёным рытме шчасця, Андрэй нечакана прыняў рашэнне. Ён проста зразумеў, што калі яе не будзе побач, калі ён не будзе чуць яе голас, адчуваць яе цеплыню і біццё сэрца, то проста загіне. А яна стаяла, прыціснуўшыся да яго, ціха шэпчучы нешта прыемнае на вуха. Менавіта гэты ціхі шэпт і вывеў яго са здранцвення.
– Як жа я цябе кахаю, – нарэшце вымавіў ён, яшчэ мацней прыціскаючы яе да сябе.
…Сонечны прамень нахабна прабраўся праз аконнае шкло, фіранку, слізгануў па ложку і нарэшце асвяціў твар Аксаны. Яна крыху расплюшчыла вочы. Побач сядзеў Андрэй з букетам яе любімых руж у руках. Аксана ўсміхнулася і памкнулася да яго. Але ён прыставіў палец да вуснаў, нібы спыняючы яе.
– Любая мая, – выдыхнуў ён. – Я не магу далей жыць без тваіх зялёных вачэй. Будзь заўсёды побач са мной, – ціхенька сказаў ён і працягнуў маленькую аксамітную скрыначку.
Аксана павольна адкрыла яе і ўбачыла там заручальны пярсцёнак…