4 лістапада ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся семінар-практыкум па тэме “Лінгвістычная майстэрня з графічнай візуалізацыяй (эйдас-канспект) як крэатыўная пляцоўка па падрыхтоўцы да алімпіяд і творчых конкурсаў”. У ім прынялі ўдзел настаўнікі рускай і беларускай мовы і літаратуры Гродзенскай вобласці. Пасля семінара эйдас-канспект паспрабавалі скласці вучні сярэдняй школы № 7 Смаргоні.
Заняткі ў ГрАІРА праводзілі настаўнікі-метадысты Ірына Гальвіна (гімназія № 10 Гродна) і Ала Долмат (ліцэй № 1 Баранавіч).
Падчас семінара я ўпершыню даведалася пра такі метадычны прыём, як эйдас-канспект, які актыўна выкарыстоўвае ў сваёй працы Ала Долмат. Яе вопыт натхніў мяне паспрабаваць прымяніць гэты метад у сваёй педагагічнай практыцы.
Эйдас-канспект – гэта выява і кароткае вобразнае разважанне, якія інтэрпрэтуюць тэмы, вобразы ўбачанага, пачутага або прачытанага.
Скласці эйдас-канспект я прапанавала вучням 7-га класа на ўроку літаратуры па паэме М.Ю.Лермантава “Мцыры”. Сямікласнікі былі заінтрыгаваныя, атрымаўшы хатняе заданне прынесці на ўрок каляровыя алоўкі і фламастэры.
У пачатку ўрока мы прааналізавалі, у чым заключаецца рамантызм вобразу Мцыры, адзначыўшы яго імкненне да свабоды, смеласць, рашучасць. Затым вучні атрымалі раздатачны матэрыял з крытэрамі НаШтоБуЗУ (“На Што Буду Звяртаць Увагу” – элемент методыкі актыўнай ацэнкі, якую я выкарыстоўваю на працягу шасці гадоў) і напамінкам “Сімволіка колеру ў рускай літаратуры” (яго я пазычыла ў Алы Уладзіміраўны).
На працягу паўгадзіны групы сямікласнікаў выконвалі свае творчыя працы. Найбольш удалыя з іх былі прэзентаваныя ў канцы ўрока.
Кажуць, першы блін камяком. Несумненна, не ўсё адразу атрымалася. Але пачатак пакладзены. Стварэннем эйдас-канспекта захапіліся нават тыя, хто на ўроку звычайна стараецца ўхіліцца ад працы.
Хочацца выказаць падзяку цікавым таленавітым педагогам, Ірыне Уладзіміраўне Гальвінай і Але Уладзіміраўне Долмат, за тое, што яны падзяліліся сваім вопытам. Бо кааб сеяць разумнае, добрае, вечнае, трэба і самім удасканальвацца, станавіцца лепшымі, а гэта значыць – вучыцца. І вельмі добра, што ёсць у каго.
Марыя ГОВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 7 Смаргоні