Адна з выхаваўчых задач педагагічнага калектыву Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы Навагрудскага раёна – разгледзець талент дзіцяці, даць яму развівацца. Так, гэтымі днямі ў школе праходзіць выстава аднаго мастака – вучаніцы 7-га класа, самабытнай мастачкі Аліны Бакуновіч.
Экспазіцыя выставы ўключае малюнкі, створаныя Алінай у розны час. Тэматыка малюнкаў (пакуль што малюнкаў!) вельмі разнастайная: прыгажосць нашай планеты, прырода роднага краю, імгненні бесклапотнага дзяцінства. Кожная работа выклікае захапленне.
Дзяўчынка працуе акварэллю, гуашшу, простым алоўкам. Жывая і крыху містычная рэальнасць, яркія фарбы, паўтоны, насычаны каларыт, гульня светаценю – вось стыль аўтара.
Акрамя заняткаў маляваннем, Аліна, разам са сваёй матуляй, займаецца вырошчваннем кветак. У іх самыя прыгожыя кветкі на вуліцы. У далейшым дзяўчынка марыць стаць дызайнерам, ствараць утульнасць і прыгажосць. Разам з гэтай марай у сямікласніцы ёсць яшчэ адна: аднойчы яна хоча паказаць свету тое, чым захапляецца, што падабаецца, што атрымліваецца – свае карціны, у якіх схаваны яе думкі, успрыманне свету, разуменне жыцця.
Поспехаў табе, Алінка, у дасягненні сваёй мары!
Марына НАГУЛЕВІЧ,
класны кіраўнік 7-га класа
Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы
Навагрудскага раёна