Дзецям неабходна расказваць пра іх правы, уключаючы права на паважлівыя адносіны да сябе. Патрэбна з малых гадоў прывучаць іх да думкі, што яны грамадзяне, такія ж, як і дарослыя. Менавіта тэме правоў дзяцей была прысвечана класная гадзіна “Я маю права на…” у 4-м класе Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.
Важнейшай палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай задачай краіны з’яўляецца ўсебаковая гарантаваная абарона дзяржавай і грамадствам дзяцінства, сям’і і мацярынства. У прававым грамадстве правы і свабоды чалавека належаць яму ад нараджэння. Дзяржава абавязана прызнаваць, выконваць і абараняць правы і свабоды чалавека, нават самага маленькага. Раўнапраўе – гэта калі правы і свабоды ёсць у роўнай ступені ва ўсіх і кожнага.
Падчас класнай гадзіны вучні адправіліся ў падарожжа па станцыях “Пачатковая”, “Медыцынская”, “Сямейная”, “Школьна-культурная”, “Бяспечная”. Разам з галоўнымі гераінямі Дэкларацыяй і Канвенцыяй чацвертакласнікі замацоўвалі веды пра сваё права на імя і прозвішча, асабістае жыццё, пра права на медыцынскую дапамогу і права на сям’ю. У гульні дзеці называлі свае правы і аналізавалі ўчынкі другіх, прыводзілі казачныя прыклады парушэння правоў, прыклады з каментарыямі. Таксама некаторыя свае правы адлюстравалі ў малюнках.
Карыстаючыся правамі, патрэбна паважаць правы іншых – такую выснову зрабілі вучні ў канцы мерапрыемства.
Алена ПЕРШУКЕВІЧ,
класны кіраўнік 4-га класа
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна