У лістападзе-снежні прайшоў абласны фестываль педагагічнага майстэрства “Крок у будучыню”, арганізаваны Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Мэта мерапрыемства: садзейнічанне павышэнню прафесійнага майстэрства і развіццю творчага патэнцыялу педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі.
Фестываль праходзіў у завочнай (дыстанцыйнай) форме. Эфектыўны педагагічны вопыт, новыя і нестандартныя ідэі трансліравалі педагогі ў намінацыях “Метадычны калейдаскоп”, “Мая педагагічная знаходка”, “Інтэрактыўная выстава дапаможнікаў i матэрыялаў «ЭКАлэнд»”, “Конкурс экалагічных праектаў”, “ЭКАпартал”.
Сярод удзельнікаў быліі педагогі Смаргонскага раёна, якія прадставілі на фестывалі метадычныя матэрыялы, гульні, дыдактычныя дапаможнікі, абсталяванне для арганізацыі экалагічнай адукацыі выхаванцаў, праекты, вопыт па арганізацыі экалагічнай сцяжынкі на тэрыторыі ўстановы.
З дапамогай анлайн-галасавання былі вызначаны лепшыя матэрыялы. Па выніках галасавання пераможцамі інтэрактыўнай выставы “ЭКАлэнд” сталі гульнявыя і дыдактычныя дапаможнікі “Прыроду вывучаем”, распрацаваныя намеснікам загадчыка ясляў-сада № 13 Смаргоні Таццянай Васілеўскай.
Педагагічны форум аб’яднаў таленавітых спецыялістаў дашкольных устаноў і стаў унікальнай камунікатыўнай пляцоўкай па пытаннях дашкольнай адукацыі.
Ірына ШАПУЦЬКА,
метадыст
Смаргонскага вучэбна-метадычнага кабінета