- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Дзіцячая ініцыятыва “Беларусь ад А да Я”

 

Дзеці, а вельмі часта і мы, дарослыя, адчуваем дэфіцыт ведаў пра сваю сям’ю, сваю краіну, яе гістарычнае мінулае. Мала цікавімся культурай Беларусі, мала падарожнічаем па родным краі. Таму мы з вучнямі ўжо два з паловай гады рэалізоўваем дзіцячую ініцыятыву “Беларусь ад А да Я”.

 

Асноўны прынцып ініцыятывы: ад непасрэдных уражанняў і эмоцый, якія фарміруюць пачуццё гонару за дасягненні сваёй сям’і, малой радзімы, роднага краю да сістэматызаваных ведаў па гісторыі, геаграфіі, літаратуры, культуры Беларусі.

Наша ініцыятыва “Беларусь ад А да Я” – гэта рэальныя і віртуальныя падарожжы па родным краі, наведванне цікавых і памятных месцаў, музеяў, гэта інтэлектуальныя гульні, сустрэчы з сябрамі, абмен думкамі, спаборніцтвы, дыспуты. Адным словам, кожны з удзельнікаў ініцыятывы вывучае Беларусь ад А да Я.

Рэалізацыя ініцыятывы пачалася з вывучэння сваёй малой радзімы –гарадскога пасёлка Краснасельскі. Мы наведалі крэмніевыя шахты і даведаліся, што даўным-даўно, у эпоху неаліту, першабытныя продкі здабывалі тут крэмній – каштоўную пароду для вытворчасці прылад працы. Сёння Краснасельскія крэмніевыя шахты з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь.

 

За гэты час мы пабывалі ў Гродна, Лідзе, Мінску, Пружанах, Ружанах, Шавулічах. Наведалі Нацыянальную бібліятэку, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, літаратурны музей Я.Купалы, дом-музей М.Багдановіча, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Колькі было эмоцый і ўражанняў! Цяпер, на жаль, нашы рэальныя экскурсіі прыпыніліся, але спыніць жаданне спазнаваць новае, адкрываць для сябе нязведаныя старонкі нашай краіны немагчыма. Мы працягваем свае падарожжы, але віртуальна.

Зараз мы ўжо часткова стварылі электронны рэсурс “Азбука: Беларусь ад А да Я”, які ўтрымлівае гіперспасылкі на відэаролікі, фотаздымкі, мерапрыемствы на кожную літару алфавіта. А ў канцы навучальнага года мы надрукуем аднайменны альбом, які будзе ілюстраваны нашымі фотаздымкамі з экскурсій і падарожжаў.

Таццяна ДАНЕШЧЫК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы г.п. Краснасельскі
Ваўкавыскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

1+

Добавить комментарий