- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Сямікласнікі ў “адкрытым акіяне”

 

Падчас зімовых канікул вучні 7-х класаў сярэдняй школы № 1 Смаргоні наведалі цэнтр акіянаграфіі “Адкрыты акіян” ў Мінску. У ходзе экскурсіі дзеці даведаліся шмат цікавага пра насельнікаў мораў і акіянаў, пра мараплаўцаў, а таксама пра дасягненні сучаснай навукі ў гэтай галіне.

Цэнтр акіянаграфіі – гэта ўнікальная маленькая рукатворная лабараторыя жывой прыроды. Тут можна пазнаёміцца з самымі цікавымі насельнікамі пяці акіянаў.

Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што рыба-хірург так называецца з-за наяўнасці шыпоў, падобных сваёй формай на скальпель або брытву, што каралы – гэта зусім не марскія расліны, а ніжэйшыя шматклетачныя жывёлы. Школьнікі азнаёміліся з тым, як людзі з дапамогай геннай інжынерыі афарбоўваюць рыб у самыя яркія колеры. Вучням расказалі, што залатая рыбка была выведзена ў Кітаі і Карэі больш за тысячу гадоў таму, а яе прабацькам быў срэбны карась.

Пазнаёміліся дзеці і з пацешнымі жыхарамі каралавых рыфаў – рыбкамі-клоўнамі. Пасля выхаду шырока вядомага мультфільма “У пошуках Нэма”, галоўным героем якога была рыбка-клоўн, цікавасць да гэтых марскіх насельнікаў значна вырасла.

А на памяць пра дзіўнае падарожжа вучні прывезлі часцінку акіяна з сабой, набыўшы сувеніры.

Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий