Займальны свет бяспекі

- 17:37ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Канікулы – час адпачынку, гульняў і радасці. Але колькі небяспечных сітуацый чакае дзяцей у гэты перыяд! І так хочацца засцерагчы малыхад памылак, неасцярожнасці і свавольніцтва. Не, не сухімі лекцыямі, гутаркамі і традыцыйнымі відэаролікамі, а захапляльным і займальным падарожжам у свет бяспекі. Такім вандраваннем для вучняў 5 “А” класа сярэдняй школы № 3 Ашмян стала экскурсія ў Цэнтр бяспекі ў Лідзе.

Гасціннасць супрацоўнікаў Цэнтра, змястоўнасць і пазнавальнасць аповеду экскурсавода, рэалістычнасць праходжання сітуацый, сучасныя інавацыйныя тэхналогіі, трэнажоры, віртуальнае паглыбленне ў асяроддзе, адпрацоўка атрыманых навыкаў – усё гэта стварала незвычайную атмасферу сапраўднай вандроўкі.

У зале, якая аформлена як вялікі горад з рознымі відамі транспарту, дарожнымі знакамі і святлафорамі, хлопчыкі і дзяўчынкі сутыкнуліся з надзвычайнымі сітуацыямі, з якіх трэба было выбрацца без пагрозы для жыцця.

Кожны этап экскурсіі суправаджаўся папярэднім праглядам відэароліка, што садзейнічала эфектыўнаму засваенню інфармацыі.

На шматлікіх інтэрактыўных пляцоўках школьнікі адпрацавалі навыкі бяспечных паводзін і выратавання на вадзе, лёдзе, будоўлі, дарозе, у транспарце, пры громе і маланцы. Карыснымі былі трэнінгі па аказанні першай медыцынскай дапамогі даросламу і дзіцяці, якія папярхнуліся. Навучэнцы змаглі павучыцца аказваць дапамогу на трэніровачных манекенах. А магчымасць выклікаць па тэлефоне службу ратавання – гэта дзіўная магчымасць кожнаму дзіцяці праверыць сябе ў экстранай сітуацыі.

Самым рэалістычным і адначасова складаным для дзяцей стаў трэнажор-лабірынт “Бяспечная эвакуацыя людзей з задымленага памяшкання”. Гэта было сапраўднае выпрабаванне на смеласць, трэніроўка ўстойлівасці на панічную атаку. З гэтай задачай усе справіліся.

Напрыканцы экскурсіі дзеці праверылі атрыманыя веды па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці, прайшоўшы тэсціраванне на планшэтах.

Дзякуючы такой змястоўнай і нагляднай экскурсіі пяцікласнікі зразумелі не толькі важнасць і запатрабаванасць, але і небяспечнасць і рызыкоўнасць прафесіі ратавальніка, які першым прыходзіць на дапамогу людзям пры патапленнях, пажарах, стыхійных бедствах, аварыях і іншых надзвычайных сітуацыях. 

Поўныя эмоцый і захаплення, ведаў і ўменняў, вучні вярталіся дадому. Спадзяюся, што пасля наведвання цэнтра,многія дзеці змогуць не разгубіцца ў жыццёвай небяспечнай сітуацыі, а некаторыя нават захочуць у будучым звязаць сваё жыццё з такой небяспечнай, але важнай і цікавай прафесіяй, як ратавальнік МНС.

Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
класны кіраўнік 5 “А” класа
cярэдняй школы № 3 Ашмян

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий